Политика

Зянковіч: «КДБ адкормліваў мяне за кошт іншых вязняў»

Былы палітзняволены Юрась Зянковіч праходзіць у ЗША праграму рэабілітацыі, каб аднавіцца пасля зняволення. Ён расказаў Нашай Ніве, хто завабіў яго ў Маскву, ці былі гарантыі ад Вольгі Карач, а таксама раскрыў таямніцу — дзе правёў апошнія месяцы ў Беларусі.

Юрась Зянковіч падчас інтэрв'ю прапагандыстам у гатэлі «Еўропа». Скрыншот: АНТ

— Вы сапраўды верылі ў тое, што незнаёмыя вам сілавікі гатовыя скінуць Лукашэнку і хочуць паставіць менавіта вас на чале Беларусі? Як атрымалася, што вы трапілі ў гэту дзіўную змову?

— Пераварот збіраўся рабіць не я — мяне папрасіў падпалкоўнік Іван Жураўскі, у той час афіцэр Генеральнага штаба (ён быў укаранёным у шэрагі «змоўшчыкаў» сілавіком і асноўным сведкам па справе, якога дапытвалі ў судзе за зачыненымі дзвярыма — НН), падрыхтаваць план трансфармацыі краіны і пераходу да дэмакратыі.

Менавіта стварэнне гэтага плана было пастаўлена ў віну мне, Аляксандру Фядуце і Рыгору Кастусёву. Дэталі гэтага плана я апублікую пазней. За сам ваенны пераварот адказваў Жураўскі — гэта была ягоная ідэя, а мы ў вайсковыя планы не ўмешваліся.

Мы ж не ідыёты — мы разумелі, што ў вайсковых пытаннях ніхто з нас не разбіраецца.

Юрась Зянковіч да затрымання

— Гучалі словы, якія сталі мемам — быццам вы паляцелі ў Маскву «пад гарантыі Вольгі Карач». Ці сапраўды гэта так?

— У Маскву я ляцеў для сустрэчы з Жураўскім, а таксама для сустрэчы ва Усерасійскім фондзе міру. Я на той час удзельнічаў у кансультацыях грамадзянскіх супольнасцяў Расіі і Украіны па пошуку міру на Данбасе.

Вольга была ні пры чым: я быў упэўнены, што, улічваючы маю ролю ў міратворчым працэсе на Данбасе, я — недатыкальная асоба для расіян.

Тым больш мае расійскія партнёры пацвярджалі гэта. А яны дзейнічалі па ўпаўнаважанні [прэс-сакратаркі МЗС Расіі] Марыі Захаравай. Тое, што Пуцін у той час ужо планаваў вайну, мне нават у кашмарным сне не магло прыйсці ў галаву. А аказалася, што мір яму ўжо не быў патрэбны, як і людзі, якія спрабавалі той мір шукаць.

Юрась Зянковіч праз тры з паловай гады зняволення ў беларускай турме. Скрыншот: Белтэлерадыёкампанія

— Вы пайшлі на здзелку са следствам, але ў выніку атрымалі столькі ж, колькі і астатнія. Ці не шкадуеце, што абралі такую стратэгію?

— Пайсці на здзелку мяне доўга ўгаворвалі следчыя. Я разумеў, што яна, хутчэй за ўсё, нічога не дасць. Але і згубіць я нічога не мог: або выйграваў, або заставаўся пры сваіх. Таму я яе падпісаў ужо ў самым канцы следства.

Цікава, што я на судзе віну прызнаў цалкам, Фядута — часткова, Кастусёў не прызнаў зусім, а атрымалі мы ўсе аднолькава.

То бок прызнанне-непрызнанне ўвогуле ні на што не ўплывала.

Юрась Зянковіч у Літве пасля вызвалення. Здымак апублікавала ў сваім блогу ў X журналістка Грэта Ван Сустэрэн

— Якімі былі вашы апошнія месяцы ў Беларусі? Вы ж былі ўжо не ў СІЗА? А дзе, у гатэлі?

— Сёлета з 3 студзеня да 30 красавіка я знаходзіўся ў «амерыканцы», камера №4. Іншая справа, што мае суседзі па камеры ўсе атрымлівалі вельмі добрыя перадачы. КДБ адкормліваў мяне (гэта лёгка чыталася ўсімі) за кошт іншых вязняў.

Я не атрымліваў перадач з 2023 года. Першы і апошні ліст па пошце я атрымаў у жніўні 2021 года. А тэлефонных званкоў мне не далі ніводнага за ўвесь час.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.6(5)