Общество

Андрэй Кныш

«Выбухі, страляніна і падпалены будынак». Як у Лідзе спалучылі беларускае пісьменства з «вайнушкай»

Куды вядзе інструменталізацыя вайны.

Дзень беларускага пісьменства ў Лідзе адзначылі з выбухамі і стралянінай — у літаральным сэнсе. Як паведамляе мясцовая дзяржаўная прэса, «адным з самых яскравых момантаў» святкавання стала «ваенна-гістарычная рэканструкцыя»:

«Выбухі гармат, стральба з кулямётаў і нават падпалены будынак... Гістарычны сюжэт разгортваецца вакол адной з самых знакавых для Беларусі дат — 17 верасня 1939 года».

Ні раёнка, ні мясцовае чынавества не сталі тлумачыць, якім бокам да Дня пісьменства была тая гульня ў вайнушку. Як і выстава іржавай зброі часоў другой сусветнай вайны, якую размясцілі на адной са святочных пляцовак.

І калі арганізатары ўсё ж знайшлі нейкую сувязь паміж вайной і беларускім пісьменствам, а ўзрост апошняга відавочна не абмяжоўваецца апошнімі васьмю дзесяцігоддзямі, то чаму было не арганізаваць «ваенна-гістарычныя рэканструкцыі» напалеонаўскіх войнаў, Паўночнай вайны, барацьбы з мангольскімі набегамі?

Калі ж сур’ёзна, за адказам далёка ісці не даводзіцца. Гаворка пра банальную інструменталізацыю апошняй вялікай вайны, нашчадкамі пераможцаў у якой самі сябе прызначылі людзі, народжаныя ў 1950-х.

Людзі, якія эксплуатуюць памяць пра вайну 80-гадовай даўніны, забяспечыўшы сабе аll rights reserved на яе пры падтрымцы Генпракуратуры.

Таму нікога не павінныя дзівіць ні падпаленыя будынкі з выбухамі на фестывалях пісьменства, ні «алеі памяці», выкладзеныя з рулонаў саломы на адным са слуцкіх палеткаў. Выглядае на тое, што гэта робіцца новай нормай, абавязковым пунктам праграмы, незалежна ад нагоды святкавання.

Застаецца толькі нагадаць, што паразітаванне на памяці пра вайну і мілітарызацыя грамадства не могуць прайсці безвынікова. Прыкладам таму суседняя Расія, дзе сёння замест новых школаў даводзіцца адкрываць мемарыялы забітым на вайне ва Украіне.