«Узмоцніцца марная гульня адцягвання Беларусі ад Расіі». Якой будзе палітыка новай прэм’еркі Літвы

Вядомы літоўскі журналіст Вітаўтас Брувярыс – пра тое, як могуць змяніцца стасункі Літвы і Беларусі пры новай кіраўніцы ўраду Інзе Ругінене, прызначэнне якой 26 жніўня ўхваліў Сейм Літвы.  

Фота: LRT

Радыё Свабода прыводзіць меркаванне эксперта:

– Агулам павялічылася тэндэнцыя зноў згуляць у вядомую гульню пад назвай «давайце паспрабуем адцягнуць Беларусь ад Расіі». Маўляў, мы зараз прыцягнем яе да сябе, чымсьці Лукашэнку залагодзім. Мяркую, гэтай ілюзіі паддаліся не толькі ў Літве, і зноў пачнуцца танцы вакол Лукашэнкі, як некаторыя танчаць вакол Пуціна. Але, мяркую, гэта будзе неразумна.

Тут у мяне ўся надзея на прэзідэнцкі офіс, які апякае міністэрствы замежных спраў і абароны, каб захаваць праўкраінскі трэнд літоўскай палітыкі. Але ёсць і трывожныя сімптомы.

Вітаўтас Брувярыс прагназуе новыя складанасці для беларусаў, якія жывуць у Літве, найперш для палітычных уцекачоў з Беларусі:

– Што да зменаў палітыкі адносна беларускай дыяспары, то мы бачым у пэўных колах тэндэнцыю да варожасці. З беларусаў галоўнай мішэнню гэтыя колы выбіраюць Святлану Ціханоўскую і яе мужа Сяргея. Лідар «Нёманскай зары» Рэмiгіюс Жамайтайціс ды некаторыя іншыя радыкалы з партыі сялян увогуле выказваюцца за тое, каб выгнаць штаб Ціханоўскіх з Літвы.

Мяркую, што цяпер, калі гэтыя арганізацыі апынуліся ў кіроўнай кааліцыі, падобныя размовы ўзмоцняцца. Канстатую, што пад уплывам такіх палітыкаў гэтая варожасць распаўсюджваецца ў грамадстве. Мне цяжка пакуль патлумачыць яе прычыны, але, магчыма, адна з іх — меркаванне, што лепш бы беларусы заставаліся ў сваёй дыктатуры, чым будавалі еўрапейскую дэмакратычную дзяржаву. Нельга параўноўваць гэта з стаўленнем расейцаў да ўкраінцаў, але нешта такое ўсё ж і ў нашых людзях ёсць.

Нагадаем, раней намеснік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч расказаў «Салiдарнасці» пра Інгу Ругінене, з якой асабіста знаёмы, наступнае:

– Вядома, у Інгі не так шмат палітычнага досведу, але затое добрая дзелавая хватка. Яна ўмее канцэнтравацца на вырашэнні важных пытанняў і вызначаць, што кіраўнік павінен рабіць найперш. Думаю, што ў Інгі наперадзе доўгая палітычная кар'ера.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(2)