У холдынгу «рыбнай каралевы» Людмілы Няронскай працуе былы кадэбіст
Расследаванне Бюро – пра новую фірму, да якой, магчыма, мае дачыненне сям’я Віктара Лукашэнкі.
13 лютага 2026 года ў Беларусі з’явілася новая юрыдычная асоба – ЗАТ «Алвілія». Гэтая форма ўласнасці не прадугледжвае раскрыцця канчатковых бенефіцыяраў.
Аднак «Бюро» высветліла, што пры рэгістрацыі «Алвіліі» ў рэестры быў пазначаны той жа мабільны нумар, які выкарыстоўвала для адкрыцця сваіх фірмаў «рыбная каралева» Людміла Няронская: «Марскія сезоны», «Марскія промыслы», «Марская мануфактура», «Марскі вектар» і «Марская гавань».
Дзякуючы «Кіберпартызанам» мы даведаліся, што нумар, які выкарыстоўваўся пры адкрыцці кампаній, належыць Дзмітрыю Храптовічу. У 90-х ён скончыў акадэмію МУС і перайшоў на службу ў КДБ.
Крыніцы з сілавых ведамстваў памятаюць Дзмітрыя Храптовіча і як супрацоўніка службы бяспекі Лукашэнкі (СБП). У студзені 2010 года ён разам з Ліліяй Лукашэнкай лётаў у Варшаву і назад у Мінск. У той час Храптовіч быў супрацоўнікам «кашалька» Лукашэнкі Уладзіміра Пефціева ў кампаніі «БТ тэлекамунікацыі».
Цяпер Храптовіч працуе ў «Марскіх сезонах» і «Марскіх промыслах». Акрамя таго, мы высветлілі, што ён уваходзіць у рэвізійную камісію «Союзных рыбных промыслов» – гэта буйны актыў Няронскай ва Уладзівастоку.
Мы звязаліся з Дзмітрыем Храптовічам па тэлефоне. Ён патлумачыў нашаму журналісту, што ў холдынгу Няронскай працуе юрыстам.
Храптовіч не пацвердзіў, але і не абверг супрацоўніцтва з КДБ і СБП. Што да паездкі з Ліліяй Лукашэнкай ён пракаментаваў «Бюро», што гэта няпраўда і ў Варшаве ён ніколі не быў.
«Алвілія» плануе займацца здачай унаймы ўласнай і арандаванай нерухомай маёмасці. Яе юрыдычны адрас: прамвузел Калядзічы, вул. Бабушкіна, 45 – па тым жа адрасе размяшчаецца новы перапрацоўчы завод «Марскія сезоны», які Няронская запусціла ў лістападзе 2025 года.
«Бюро» паспрабавала ўзяць выпіску з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (АДР), каб даведацца, каго прызначылі дырэктарам «Алвіліі», але, паводле новай завядзёнкі Міністэрства юстыцыі, мы атрымалі адмову. Нагадаем, раней мы паведамлялі, што беларускія ўлады засакрэцілі дадзеныя фірмаў, звязаных з Людмілай Няронскай.
Такая сакрэтнасць, відавочна, звязаная з тым, што ў бізнэсе Няронскай мае непасрэдны фінансавы інтарэс сям’я Віктара Лукашэнкі – блізкія сябры «рыбнай каралевы».
У бізнэс-структурах Няронскай працуе зяць Віктара Лукашэнкі – Дзмітрый Дзятлаў. Акрамя таго, сыну Віктара, Аляксандру Лукашэнку – малодшаму, належыць 20-працэнтная доля ў кампаніі «Сезон упакоўкі». Мы ўжо расказвалі, што інфармацыя пра гэтую фірму таксама трапіла пад грыф «сакрэтна».
Магчыма, «Алвілія» была створаная як асабістая таемная фірма сям’і Віктара Лукашэнкі, бо назва кампаніі падобная на акронім, складзены з імён членаў ягонага клана: Аляксандр + Віктар + Лілія – «АлВіЛія».
Падобны від абрэвіятуры раней ужо выкарыстоўвала і жонка Дзмітрыя Лукашэнкі. Свае ініцыялы Ганна Сяргееўна Лукашэнка яна зашыфравала ў творчым псеўданіме Ганна Сялук. Тое ж яна зрабіла і з фірмай «АНСЛ прадакшн» – склаўшы назву кампаніі з сваіх імя (у рускай версіі Анна), імя па бацьку і прозвішча.
Читайте еще
Избранное