Скандалы

Стала вядома імя яшчэ аднаго палкоўніка ДФР, арыштаванага КДБ. Ён расказваў сукамернікам, як яго катавалі

Наша ніва пагаварыла з чалавекам, які сядзеў з затрыманым палкоўнікам ДФР.

У пачатку 2024 «Наша Ніва» паведамляла пра масавыя затрыманні афіцэраў Дэпартамента фінансавых расследаванняў у Мінску і Мінскай вобласці. Антыгероі 2020‑га і 2021‑га трапілі пад чысткі паводле падазрэння ў атрыманні хабараў і перавышэнні службовых паўнамоцтваў.

«Сёння ты кантралёр, […] заўтра — у турму», — неўзабаве выказаўся Лукашэнка, каментуючы іх крымінальную справу.

Амаль два гады пра лёс гэтых людзей нічога не было вядома, нават іх імёны. Першае імя «Наша Ніва» даведалася зусім нядаўна — гэта палкоўнік ДФР Аляксандр Кійко, былы начальнік гарадскога міжраённага аддзела №2 упраўлення ДФР Камітэта дзяржаўнага кантролю па Мінскай вобласці.

Адзін з суразмоўцаў «Нашай Нівы» сядзеў з ім у адной камеры СІЗА КДБ якраз на старце «справы мінскага ДФР».

Пасля публікацыі гэтай гісторыі нам удалося спраўдзіць імя яшчэ аднаго затрыманага палкоўніка ДФР, які сядзеў у тым жа самым месцы і ў той жа час — напачатку 2024‑га — з іншым суразмоўцам «Нашай Нівы».

Гэты чалавек быў у адной камеры з палкоўнікам Андрэем Сеўруком. Апошняя вядомая пасада — начальнік Мінскага міжраённага аддзела ўпраўлення ДФР.

Андрэй Сеўрук, фота з базы «Пашпарт» перадала арганізацыяй Belpol

«Амаль у кожнай камеры СІЗА КДБ у той час сядзела па супрацоўніку ДФР. Сеўрук не прызнаваў віны і казаў мне, што не прызнаецца ніхто з іх, апроч аднаго. Імаверна, меўся на ўвазе якраз Кійко (паводле нашай ранейшай публікацыі, той стаў супрацоўнічаць са следствам — НН).

Неяк вечарам Сеўрука паднялі і ўвялі, потым вярнулі троху не ў сабе, мякка кажучы.

Потым Андрэй расказаў, што яго вадзілі ў гэтак званы «мяккі пакой» (камера, знутры абабітая мяккім матэрыялам, каб вязень не мог сабе пашкодзіць, таксама яна не прапускае гукі — НН), там яго за кайданкі падвесілі на крук у столі і білі шокерам. Патрабавалі прызнання, ён аднекваўся, з гэтага моманту яго пачалі асабліва мучыць.

Бывала, уначы кожную гадзіну ўрываліся ў камеру, загадвалі здымаць майіткі і прысядаць. З ягоных словаў, аднойчы ад здзекаў у яго спынілася сэрца там жа, у «мяккім пакоі», яму выклікалі рэанімацыю і адхаялі», — расказаў нам суразмоўца.

***

Андрэй Сеўрук нарадзіўся ў гарадскім пасёлку Урэчча Любанскага раёна ў 1977 годзе. У структуры ДФР з 1996 года. Пачынаў інспектарам, з 2012‑га — начальнік міжрэгіянальнага аддзела УДФР КДК.

Жонка Сеўрука на момант затрымання мужа працавала галоўнай спецыялісткай у Галоўным упраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама.

Сужэнцы маюць сына і дачку.