Общество

Што рабіць, калі банк закрывае ці адмаўляецца адкрыць банкаўскі рахунак

На жаль, у апошні час з гэтай праблемай беларусы і беларускі за мяжой сутыкаюцца ўсё часцей.

Банкі спасылаюцца на рызыкі, звязаныя з фінансаваннем тэрарызму, або кажуць, што беларусы пад санкцыямі. Але варта разумець: пад агульныя санкцыі не падпадаюць усе грамадзяне Беларусі, а толькі асобы і кампаніі, уключаныя ў афіцыйныя санкцыйныя спісы, піша канал Народныя амбасады Беларусі.

Адмова адкрыць рахунак толькі на падставе грамадзянства альбо нацыянальнасці — гэта дыскрымінацыя.

Народная амбасада Беларусі ў Славеніі раней ужо накіроўвала запыты Абаронцы прынцыпу роўнасці, у Банк Славеніі і Еўрапейскі цэнтральны банк з прыкладамі дыскрымінацыйнага стаўлення банкаў і атрымала адказы.

Нават калі вам адмовілі ў адкрыцці звычайнага рахунку вы можаце адкрыць базавы банкаўскі рахунак.

Што важна ведаць

  • Базавы банкаўскі рахунак (basic bank account) — гэта ваша права. Кожны замежнік ці замежніца, якія легальна знаходзяцца ў краіне ЕС, у тым ліку з ВНЖ, візай D, заяўнікі на статус уцекача, можа адкрыць такі рахунак.
  • Базавы рахунак дазваляе атрымліваць і адпраўляць грошы, аплочваць пакупкі ў інтэрнэце і мець плацёжную картку. Ён прадугледжаны Дырэктывай 2014/92/ЕС і банк абавязаны яго адкрыць, калі няма вельмі сур’ёзных падстаў для адмовы, рэгламентаваных законам.
  • Калі банк адмаўляе, ён абавязаны даць пісьмовы адказ з канкрэтным тлумачэннем, чаму ён адмаўляе. Адмова толькі па прычыне «вы беларус» або «мы не працуем з грамадзянамі Беларусі» — недапушчальная і можа разглядацца як дыскрымінацыя.
  • Калі вы сутыкнуліся з такой сітуацыяй, не бойцеся патрабаваць тлумачэнняў. Падобныя справы можна абскардзіць у нацыянальных інстытутах па недыскрымінацыі (амбудсмэн або спецыяльных камісіях). Але галоўнае — памятаць: вы маеце права на базавы банкаўскі рахунак, і банк не можа адмовіць вам толькі з-за беларускага пашпарта.
  • Не саромейцеся звяртацца за парадай праз чат-бот да Народных амбасадаў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(4)