«Патрыярх беларускага супраціву, які столькі гадоў гібеў у турме, урэшце выйшаў на волю»

Сабралі першыя рэакцыі на вызваленне Міколы Статкевіча.

19 лютага стала вядома пра вызваленне палітыка Міколы Статкевіча. Як паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч, палітзняволены перанёс інсульт і цяпер аднаўляецца ў коле сям’і.

«Салідарнасць» сабрала першыя рэакцыі на гэтую пазітыўную падзею.

Алесь Бяляцкі, нобелеўскі лаўрэат, экс-палітзняволены: «Выдатная, даўно чаканая навіна. Мікола Статкевіч, патрыярх беларускага супраціву, які столькі гадоў гібеў у турме, урэшце выйшаў на волю. Ён дабіўся свайго, застаўся ў Беларусі.

Радасьць з горкім прысмакам. Свабода далася яму дарагім коштам, у Міколы ёсьць сур’ёзныя праблемы са здароўем. У турме ўлады забіраюць у палітычных зьняволеных здароўе, а часам і жыцьцё. Садысцкі рэжым ня мае літасьці.

Дарагі Мікола, папраўляйся! Нашая справа яшчэ ня скончаная, ты патрэбны Беларусі».

Святлана Ціханоўская, лідарка беларускіх дэмсілаў: «Я адчуваю вялікую палёгку ад таго, што Мікалай Статкевіч нарэшце на волі і дома. Асабліва радая за Марыну, якая так доўга чакала і так упарта змагалася за Мікалая ўсе гэтыя гады.

Я шчыра зычу яму сіл, здароўя і як мага хутчэй аднавіцца пасля перанесенага інсульту. Цяпер важна, каб Мікалай атрымаў патрэбнае лячэнне, цеплыню сям’і і падтрымку блізкіх.

За кратамі застаюцца яшчэ не менш за 1100 палітычных зняволеных. Усе павінны быць вызваленыя».

Нагадаем, што сёння таксама вызвалілі палітзняволеную Наталлю Левую, якая зацяжарыла ў калоніі. Жанчыне прысудзілі 6 гадоў няволі за данаты.  

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(13)