Отрасли

Стася Якімовіч

«Падзеі апошніх гадоў выхавалі воінаў. А беларусы за мяжой разнеслі наш культурны код па ўсім свеце»

«Салідарнасць» працягвае распавядаць, як падзеі апошніх некалькіх год адбіліся на працы беларусаў у розных сферах. Сёння ў фокусе ўвагі — культурніцкая галіна.

За апошнія некалькі год тут прайшлі вялікія «чысткі» па палітычных матывах. Былі змененыя кіраўнікі практычна ва ўсіх вядучых культурніцкіх установах і арганізацыях, ад нацыянальнай бібліятэкі і кінастудыі да Опернага тэатру і Нацыянальнага мастацкага музея.

Паводле звестак Беларускага ПЭНу, сама меней 168 дзеячаў культуры з палітычных прычын знаходзяцца ў месцах зняволення. І падстаў казаць аб тым, што трэнд на рэпрэсіі зменіцца, пакуль няма.

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад прызначанага летась міністра культуры Руслана Чарнецкага «спыніць хістанні» ў гэтай сферы. Як заявіў правіцель, у кіраўніцтве культурай, спортам і медыя мусяць застацца толькі «дзяржаўныя людзі».

Але як жывецца сёння тым, хто застаўся — і ў краіне, і ў культурніцкай сферы? Пра гэта мы распыталі ў іх саміх. Імёны ўсіх суразмоўцаў змененыя дзеля бяспекі.

Першую частку артыкула чытайце тут.

«Адны аўтары забароненыя. Другія, улічваючы гэта, задзіраюць цэны на свае п’есы»

Актрыса аднаго з мінскіх тэатраў дзеліцца, якая цяпер абстаноўка ў тэатральным асяродку:

— У Мінску засталося дзеючых 5-6 тэатраў. У нас поўныя залы, бітком пры любым репертуары — разнастайнасці няма, а хадзіць у тэатр людзі хочуць, — распавядае Ірына. — Адны аўтары забароненыя. Другія, улічваючы гэта, задзіраюць цэны на свае п’есы. Ставіцца і штосьці яшчэ савецкіх сцэнарыстаў. Нешта новае спрабуем рабіць, але часцяком гэта не зацвярджаюць «наверсе».

Чысткі і скарачэнні былі ўва многіх тэатрах. У Рускім драматычным, чула, звольнілі некалькіх акцёраў, якім заставалася 5 год да пенсіі.

Што да акцёрскіх заробкаў — гэта аклад у 400-450 рублёў, далей набягае за стаж, акцёрскія… Выходзіць прыкладна 1200 рублёў (каля $367 — С.) за месяц.

Многія спрабуюць падпрацоўваць у кіно і серыялах. Але беларускае здымаецца па мінімуму, у асноўным тут у нас праходзяць здымкі расійскіх серыялаў, куды нашых акцёраў практычна не бяруць на галоўныя ролі. Хутчэй, могуць узяць на другасныя ці эпізадычныя.

А плацяць капейкі. Пры добрым збегу абставінаў можна зарабіць такім чынам 15-16 тысяч расійскіх рублёў (каля $170), пры менш удалым — 10-11 тысяч (каля $125).

Рэмарка «Салідарнасці»

У 2020 годзе амаль у поўным складзе звольнілася трупа Купалаўскага тэатра, — каб вырашыць кадравую праблему, новаму кіраўніцтву спатрэбілася некалькі год і 8 (!) акцёрскіх кастынгаў. Сышлі альбо былі звольненыя з палітычных прычын дзясяткі артыстаў і супрацоўнікаў Тэатру оперы і балету, былі «зачышчаныя» Гродзенскі і Магілёўскі абласны тэатры, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі і многія іншыя. Незалежных, прыватных тэатраў у краіне фактычна не засталося.

«Дазвол на мерапрыемства могуць развярнуць нават з-за аднаго прозвішча»

Павел, адзін з беларускіх арганізатараў канцэртаў, распавёў «Салідарнасці», як змяніліся ўмовы працы за апошнія гады:

— Гастрольныя пасведчанні, наконт якіх цяпер усе трасуцца, насамрэч былі патрэбныя заўжды. Проста раней на гэта заплюшчвалі вочы, калі ішла гаворка пра маленькія падзеі, а не вялікі канцэрт, калі ты вязеш артыстаў, рэалізуеш квіткі і г.д. Пасля таго, як увялі рэестр арганізатараў, вядома, вельмі моцна «пачысцілі» ўсіх, так бы мовіць, «ненадзейных», каму ўдавалася ўседзець на двух крэслах. Словам, усё стала значна больш складана.

Але мала што з 2022 года ўвялі рэестр арганізатараў канцэртна-відовішчных мерапрыемстваў (паводле Мінкульта РБ, на сёння з ў гэтай базе 47 прозвішчаў — С.), яго перыядычна падчышчаюць. Ідзе цыкл за цыклам: новыя абмежаванні — новыя спосабы іх абысці праз пэўныя сувязі ці людзей — новыя зачысткі.

Гэта яшчэ паўбяды. Акрамя спісу людзей, якія могуць уласна ладзіць мерапрыемствы, ёсць яшчэ спіс артыстаў — дапушчальных і недапушчальных, дазволеных і не.

Павел гаворыць, што існуе нават тры спіскі: умоўна кажучы, «чырвоны» — хто адназначна забаронены, як «Ляпіс Трубяцкой», «зялёны» — з кім усё добра, і «шэры» — каго запрашаць непажадана. Але па сутнасці ўсе разумеюць, што непажадана — значыць, нельга. На месцах чыноўнікам прасцей забараніць, чым самім падстаўляцца пад рызыку.

— Спланаваць мерапрыемства напярэдадні немагчыма, бо ты мусіш падаць дакументы за 10 дзён. А калі ты прадстаўляеш установу, якая працуе на рэгулярнай аснове, то хутчэй за ўсё, падаеш адразу праграму на месяц-два.

Больш за тое, ты заключаеш дамову з юрасобай з рэестру арганізатараў, і каб не плаціць камісіі пры падачы кожнага мерапрыемства асобна, плаціш адразу на месяц. А гэта ўсё планаванне і прагназаванне.

Творчасці ў такіх умовах, калі ўжо ведаеш, хто дазволены, а хто не, становіцца надта мала. Нават калі прыехаў класны госць-музыкант у краіну альбо вы захацелі зрабіць тэатральны перформанс, ці з сябрамі на кухні прыдумалі файную калабарацыю — гэта не атрымаецца зрабіць хутка.

Спатрэбіцца прайсці сем колаў пекла ўзгадненняў. І так з кожным мерапрыемствам. А дазвол на мерапрыемства могуць развярнуць нават з-за аднаго прозвішча, і давядзецца перападаваць дакументы.

Яшчэ адзін момант, які дадае складанасці — чалавечы фактар. Калі імпрэза ладзіцца ў раёне, то і дазвол на яе, тлумачыць Павел, выдае мясцовая адміністрацыя. І было нямала выпадкаў, што ў Мінску кагосьці ўзгадняюць, а ў абласным цэнтры — не, альбо наадварот.

Прычым няма службы кшталту «аднаго акна», каб патэлефанаваць і ўдакладніць, што не так: ёсць рытарычнае пытанне «як выправіць сітуацыю» і не менш рытарычны адказ «хіба вы самі не ведаеце».

— Трэба пацвярджаць і паказваць сваю «грамадзянскую пазіцыю». Таму перад «выбарамі» ў многіх блогераў, артыстаў, іншых публічных асоб з’явіліся адпаведныя публікацыі ў сацсетках.

Я не стаяў ні над кім са свечкай, але думаю, ім сказалі: давай-ка, альбо сцяжок ставіш у сябе ў акаўнце, альбо запісваеш відэа ці ўдзельнічаеш у афіцыйных мерапрыемствах. І тое ведаю выпадкі, калі на месцы змяняўся «ўзгадняльнік» — і ўсе гэтыя рухі марныя.

«Нас імкнуцца паламаць сістэма і палітыкі, а мы — пра культуру, пра чалавека, чалавечнасць, пра духоўны стрыжань»

Сістэму з рэестрам, дазволамі і ўнёскамі, мяркуе наш суразмоўца, беларускія ўлады ўвялі, таму што даведаліся, якія вялікія грошы штодня праходзяць міма дзяржаўнай кішэні.

А вось узгадненне трэк-ліста кожнага артыста — перастрахоўка чыноўнікаў, як бы чаго не выйшла. Гэта, з аднаго боку, абмяжоўвае імправізацыю, а з другога, усе і так ведаюць, што ў Мінску і любым іншым горадзе лепш спяваць, а чаго не. На вялікіх канцэртах прысутнічаюць правяраючыя — і калі праграма парушаецца, гэта можа пацягнуць штраф або выключэнне арганізатара з рэестру.

— Не хачу казаць, што ўзгадняць даводзіцца кожны чых, але па сутнасці гэта так. І калі мы гаворым пра забаўляльны бізнес, то ён стаў менавіта бізнесам, працай. А калі гаворка пра ўнёсак у развіццё культуры — баюся, усё вельмі сумна. Бо для творчасці стала нашмат больш складана, палёт, крэатыў артыстаў заганяюць у жорсткія межы прававых нормаў і г.д.

— Калі выконваць правілы гульні, ты ў бяспецы, альбо ўсё адно можа прыйсці ўмоўны  «нераўнадушны грамадзянін», угледзець нешта і напісаць данос з патрабаваннем усё зачыніць?

— Тут цікавая штука: мы як быццам ведаем прававыя абмежаванні і іх выконваем, але ў цэлым прыляцець за штосьці можа ў любы момант.

Пачынаючы ад таго, што канкурэнты могуць гуляць брудна, альбо артысты, падрадчыкі ці ўстанова акажуцца нячыстымі на руку, да таго, што пэўнаму чалавеку не спадабаецца колер шапкі ці падтэксты, якія ён угледзіць у імпрэзе. І якая-небудзь касцюмаваная вечарынка можа счытвацца як «ЛГБТ-прапаганда».

Альбо згадаем ужо некалькі год забаронены ў Беларусі Хэлаўін, нібыта за прапаганду «сатанізму і чужынскіх каштоўнасцяў», забаронены Дзень святога Валянціна — у памкненні ўсё загнаць пад кантроль даходзіць да абсурда.

Больш жорсткімі, дадае Павел, сталі не толькі ідэалагічныя патрабаванні, але і фінансавыя: арганізатары мусяць падаваць плацёжныя дакументы штотыдзень. Гэта палягчае працу падатковай, але істотна ўскладняе жыццё самім арганізатарам.

— Балазе, ва ўсе часы ўсё-ткі беларус беларусу беларус, і на ўсіх баках ёсць і застаюцца людзі, якія дапамагаюць, а не адмахваюцца «вас шмат, я адна». Бо ўсе разумеюць, што бягучая сітуацыя не скончыцца заўтра, нам з гэтым жыць, быць і працаваць.

Засталіся і людзі, якія на свой страх і рызыку робяць кватэрнікі, закрытыя імпрэзы. Але гэта досыць складана. Бо якія б ты схемы не прыдумляў, каб схаваць інфармацыю пра месца і час, у органаў таксама ёсць доступ да тэхналогій.

І ўсё ж Павел не падтрымлівае пазіцыю «усё прапала». Многія, зазначае ён, у цяперашніх умовах загартаваліся і сталі мацнейшымі, іншыя — перасталі мець дачыненне да культурніцкай сферы ў Беларусі:

— Гэта як тэст на прафпрыдатнасць, хто быў выпадковым пасажырам, тыя адваліліся. Канешне, на эстрадным небасхіле з’явілася процьма людзей з «правільнай грамадзянскай пазіцыяй», якім далі зялёнае святло і фінансаванне, тэлеэфіры, пляцоўкі — пляшуць і скачуць, песні пра адно і тое ж. Культуры там мала, калі не сказаць, што няма. Гэта ўсё засваенне бюджэтаў, практыкаванне, хто больш выслужыцца.

А што датычыцца беларускай культуры — яна праходзіла і больш страшныя і складаныя перыяды. І ў нашай гісторыі, і ў свеце бывалі часы яшчэ больш жорсткай цэнзуры. Аднак калі ты сапраўды мастак, ты шукаеш спосабы данесці сваю ідэю да людзей.

Інтэлектуальна развітыя людзі — іх ёсць у Беларусі, і многа, і ім цяжка з розных бакоў, у тым ліку эмацыйна, маральна і фінансава, не ва ўсіх ёсць магчымасць з’ехаць, — а яны трымаюцца насуперак усяму. Усіх не пракантралюеш.

Нас імкнуцца паламаць сістэма і палітыкі, а мы — пра культуру, пра чалавека, чалавечнасць, пра духоўны стрыжань. Падзеі апошніх гадоў выхавалі, я сказаў бы, культурных воінаў. А беларусы за мяжой разнеслі наш культурны код па ўсім свеце.

***

«Сфера культуры Беларусі знаходзіцца ў глыбокім крызісе, выкліканым дзяржаўным ціскам, цэнзурай і рэпрэсіямі», — падагульняе Беларускі ПЭН у гадавым маніторынгу парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Толькі за апошні год зафіксавана 1348 такіх парушэнняў, і гэта ніжні парог.

Межаў для палітычнага пераследу сёння няма. Беларускія ўлады змагаюцца як з памяццю, забараняючы выставу да юбілею Васіля Быкава і «нязручныя» кнігі пра Другую сусветную вайну, так і з парасткамі жывой культуры — сацсеткі творцаў і культурніцкіх ініцыятыў абвяшчаюцца «экстрэмісцкімі», працягваюць пераслед беларусаў у выгнанні. Пашыраюць «чорныя спісы» і дыскрымінуюць беларускую мову. Дзяржаўная культура ўсё больш робіцца інструментам ідэалогіі і мілітарызацыі, зазначаюць эксперты.

Але з гэтага ўсяго вынікае вельмі важная для беларускага грамадства і непрыемная для рэжыму Лукашэнкі выснова. Аб тым, што старонка не перагорнутая, а культура не знішчаная пад нуль. Больш за тое, нават у падполлі, пад ціскам і пад цэнзурай культура яднае беларусаў, супрацьстаіць прапагандзе і вызначае нацыянальную ідэнтычнасць. І рэжым гэта вельмі непакоіць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(13)