Навумчык: «Быкаў не памыліўся. Маўчанне беларусаў было здрадай бацькам і дзядам — якія змагаліся з нацызмам»

Публіцыст Сяргей Навумчык — пра наступствы ігнаравання скандальных сімпатый Лукашэнкі да Гітлера.

— Трыццаць гадоў таму Лукашэнкі станоўча выказаўся за Гітлера і заявіў, што мадэль гітлераўскага рэйху — у ягоным разуменьні, эталон дзяржаўнага ўладкаваньня, — піша Сяргей Навумчык. — Тыя словы прагучалі па радыё, іх чулі мільёны людзей.

Гэта было ў 1995-м. Ужо за чвэрць стагодзьдзя да 2020-га было зразумела, хто такі Лукашэнка і было бачна, што ён робіць.

Сяргей Навумчык

Ад імя БНФ, як прэсавы сакратар Фронту, я зрабіў заяву, што «выказваньні такога кшталту з вуснаў кіраўніка дзяржавы ня могуць быць выпадковымі.

Зьбіцьцё дэпутатаў апазыцыі ў залі парлямэнту, забарона Свабоднага прафсаюзу, антызаконны ціск на Канстытуцыйны Суд — усё гэта крокі на шляху зьнішчэньня дэмакратыі.

БНФ неаднаразова канстатаваў усталяваньне ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму і пераход да дыктатуры. Цяпер пад дыктатуру падводзіцца ідэалягічны падмурак у выглядзе «захаваньня парадку».

Розьніца хіба ў тым, што барацьба за «чысьціню арыйскае расы» зьмянілася на «ўмацаваньне славянскага адзінства». Народны Фронт яшчэ раз зьвяртае ўвагу кіраўнікоў дзяржаў, парлямэнтаў і ўрадаў, палітычных і праваабарончых арганізацыяў на рэстаўрацыю ў Беларусі чырвона-карычневага рэжыму».

«Вы, спадар Лукашэнка, што ўхваляеце Гітлера, ня варты аднаго воласа з галавы майго бацькі, які загінуў пад Катавіцамі ў барацьбе з гітлераўцамі, вы ня варты аднаго ўздыху майго дзядзькі, які прайшоў з 1941-га ўсю вайну ў танку «КВ» і згарэў у ім 9 лютага 1945 году пад Мэркіш-Фрыдляндам ва Ўсходняй Прусіі. Калі б яны ўсталі — яны б вам паказалі Гітлера, — заявіў Зянон Пазьняк. — Я зьвяртаюся да адукаваных людзей Беларусі, да тых, хто здольны нешта разумець, рабіць высновы з нацыянальнай і сусьветнай гісторыі. Я пра гэта пісаў і казаў неаднаразова: Беларусь пад пагрозай усталяваньня дыктатуры, прытым надзвычай дурной дыктатуры, якая маральна зганьбіць нас на цэлыя пакаленьні, прынізіць нашу нацыянальную супольнасьць, адкіне далёка назад у эканамічным, грамадзкім і палітычным разьвіцьці».

«Лукашэнка — тыповае стварэньне позьняга бальшавізму і цяпер, дарваўшыся да дыктатуры над «нехлямяжым» народам, шукае сабе падпоркі — аналёгіі ў гісторыі, — сказаў Васіль Быкаў. — Гітлер у гэтым сэнсе — найлепшы ўзор для перайманьня, мабыць, больш прывабны, чым нядаўнія ідалы нашага прэзыдэнта — Дзяржынскі, Андропаў, Машэраў. Цяпер ён інстынктыўна раўняецца на Гітлера, аб чым і паведаміў у хвіліну недаравальнай шчырасьці».

Сказаў Быкаў і іншае — магчыма, самае важнае: «Беларускі народ, вядома, праглыне гэта, як ён прывык глытаць шмат што іншае».

Быкаў не памыліўся. Маўчаньне было здрадай бацькам і дзядам — якія змагаліся з нацызмам. Але яно выракла на пакуты і нашчадкаў, бо цяпер расплачвацца сваімі лёсамі дзецям і ўнукаў тых, хто змаўчаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)