«На першы наш фестываль нават прыязджалі прадстаўнікі афіцыйнай Беларусі. Пазней, праўда, ўцякалі»
Пра 100 важных спраў, вёску, чым дапёк дэканат і падтрымку палітвязняў, «Салідарнасці» распавёў Сяржук Дубіна, які паўтары гады кіраваў суполкай беларусаў Уроцлава.
— Як старшыня нашай арганізацыі я асабіста ганаруся тым, што нам цягам аднаго года ўдалося рэалізаваць 100 неверагодна цяжкіх і важных спраў. Прэзентавалі дакументы, распавядалі пра іх, падзялілі іх на восем кірункаў.
Справы для дзяцей, якія мы робім, для агульнай адукацыі, справы салідарнасці з былымі палітвязнямі, з ваярамі, беларусамі і Беларуссю. Справы па легалізацыі ды на міжнародным кірунку.
Кожныя 3-4 дні ў год мы выдавалі нейкую вялікую справу. Ялінка для дзяцей на Новы год. Ці сабралі для беларуса ў складанай сітуацыі 5 тысяч злотых. Ці, напрыклад, сустрэліся з ваяводам, калі прыязджаў спадар Латушка.
Гэта як сапраўдная праца, але ж мы валанцёрым. Ніхто з нас не атрымлівае заробкі і таму, каб проста жыць, вымушаны яшчэ зарабляць грошы на асноўнай працы.
«Там і пачаў размаўляць па-расейску ды хаваць сваю беларускую мову»
— А як вы прыйшлі да суполкі беларусаў Уроцлава, і якое ў вас было жыццё да 2020-га?
— Я сам з вёскі. Мае матуля, бабуля ды дзядуля заўсёды хацелі справядлівасці. На вёсцы цяжкае жыццё і бачыш шмат нясправядлівых рэчаў. Але я выхоўваўся ў атачэнні, дзе хацелася сумленнасці, шчырасці. Каб нікога не пакрыўдзіць.
І калі я паступіў у Менск — яно выплеснулася. Бо там сустракаешся з людзьмі, погляды якіх нават не гучалі ў тваёй вёсцы.
У вёсцы я рос, вельмі шмат чаго не ведаючы пра Беларусь, яе гісторыю і палітычную сітуацыю. Бо ёсць тэлебачанне — то ты і глядзіш тое тэлебачанне. Ці ёсць твае прыемныя настаўніцы, і ты нават не можаш уявіць, што яны табе хлусяць, калі запрашаюць у БРСМ. Бо чалавек жа цудоўны!
Тое, што жыццё больш складанае, я зразумеў толькі на першым курсе ўніверсітэта ў Менску. Там і пачаў размаўляць па-расейску ды хаваць сваю беларускую мову, на якой вучыўся і жыў ў вёсцы. Бо большасць у Менску гаварыла па-расейску.
Ва ўніверсітэце я стаў актывістам, рабіў лакальныя праекты. Напрыклад, дамогся, каб нам паставілі кантэйнеры на сартаванне смецця. Бо памятаю, як ехаў у Менск каля аграменнай звалкі, ад якой смярдзела. Тады падумаў: а што я магу зрабіць, як звычайны чалавек у гэтай сітуацыі?
Але ж я так дапёк дэканат, бо беларускамоўны і з нейкімі сваімі правамі ды прэтэнзіямі, у тым ліку на экалагічнасць. Мяне пачалі больш правяраць ды выклікаць на розныя размовы пра мае суполкі ды сяброў, паплечнікаў. Скончылася тым, што на апошнім курсе, у 2019-м, я забраў дакументы. Бо не хацеў гэтым жыць, а потым яшчэ адпрацоўваць два гады па размеркаванні, альбо выплочваць усю суму за навучанне.
А потым здарыўся 2020-ы, студэнцкія страйкі, пратэсты, суд над маімі сябрамі па «справе студэнтаў». Мне пашчасціла, што ўдалося ўцякчы спачатку ва Украіну.
«Вучуся пільнаваць сябе, каб ніякім чынам не мець прэтэнзій ды і ўвогуле не дыктаваць людзям, што яны павінны рабіць»
— Пасля пачатку вайны і пераезду ў Польшчу, я паступіў ва ўніверсітэт. Зараз жыву ва Уроцлаве. Паралельна з гэтым пабачыў, чаго не хапае мясцовай беларускай супольнасці, дзе на піку было больш за 150 чалавек.
Да нас і спадарыня Святлана Ціханоўская прыязджала. Яе постаць і бэкграўнд працуюць на яе, ёй значна лягчэй вырашаць любыя пытанні. Яна выступала ў нас у залі на больш за 200 чалавек, нават крэслаў не хапала, даносілі.
— Мастачка Юлія Мекес з нідэрландскай дыяспары беларусаў распавяла нам, што можа тысяча чалавек у групе беларусаў у Нідэрландах, а прыходзяць на мерапыемства 200. А калі палітычныя падзея — дык і таго менш. Ці так у вас?
— Я вучуся пільнаваць сябе, каб ніякім чынам не мець прэтэнзій ды і ўвогуле не дыктаваць людзям, што яны павінны рабіць. Не абурацца на тое, што прыйшло менш людзей. Не шантажаваць іх гэтым: маўляў калі не прыйдзеце — увогуле нічога не будзем рабіць.
Ведаю, што людзям вельмі складана, знойдзецца сапраўды тысяча істотных прычын, чаму яны не прыйшлі. У кожнага свае клопаты.
Звычайна на такія мерапрыемствы прыходзяць людзі, якія ўжо кантралююць сваё жыццё. Бо дзеці ў садку, праца ды ежа ёсць. І вось зараз ужо рэалізую і свае патрэбы таксама.
Таму я сябе заўсёды стрымліваю, бо трэба вельмі дзякаваць тым, хто ўжо прыйшоў, думаць, як наступным разам быць больш цікавым, каб людзей заматываваць.
Здаецца, тут патрэбны не падыход матулі, якая кажа, што дзеці не прыбралі пакой, а яна стомленая вярнулася з працы. Тут трэба перш за ўсё падыход з павагай. Людзі не прыйшлі зараз, бо ім зараз складана. Трэба падумаць, можа і робім нешта не тое, мо, трэба фокус змяніць, каб людзям з працай дапамагчы, а не забяспечваць толькі іх культурніцкія патрэбы.
Насамрэч беларусы хочуць трымацца адзін аднога. Калі яны кудысьці не прыйшлі, значыць, у іх сапраўды былі на тое прычыны.
«Мы бачылі розных людзей, якія прыязджалі да нас у шэлтар»
— На шчасце мне ўдалося пазбегнуць турмы і не быць затрыманым. Нават на волі часам робіш справу і знаходзішся ў сваім пакоі, дзе ў цябе ўсё ёсць, а табе ўжо робіцца нудна, самотна і часам невыносна ад гэтага ўсяго.
І нават адзін дзень у нечым замкнутым, тым больш у нечалавечых умовах... Гэта проста недаўяўленне. І я гэтых людзей, якія прайшлі праз той жах, заўсёды буду падтрымліваць, якімі б яны не выходзілі.
А мы бачылі розных людзей, якія прыязджалі да нас у шэлтар. Вельмі траўмаваныя... Мы нават уявіць сабе не можам, праз што яны прайшлі.
У нас ва Уроцлаве шэлтар дзейнічае больш за год. Дапамагаем з дакументамі, курсамі польскай мовы, пошукам працы. Калі здарылася затрымка па грашах на арэнду шэлтара, то беларусы Уроцлава, каб яе пакрыць, сабралі больш за 20 тысяч злотых (каля 5,5 тысяч даляраў).
Праз шэлтар у нас прайшло больш за 45 чалавек. Хтосьці меў магчымасць пажыць месяц, хтосьці – два. І зараз гэтыя людзі, закрыўшы свае базавыя патрэбы, ужо актыўна ўдзельнічаюць у іншых нашых мерапрыемствах.
«Спадзяюся, наступным годам атрымаецца гэта важная справа пад слоганам, які так патрэбен сёння ўсім беларусам: «Мы будзем!»
— Нядаўна паэтка Наста Кудасава паставіла да сябе ў фэйсбук фота на ружовым троне, побач цёпла ўсміхаецца Уладзімір Някляеў. З вашага фестывалю незалежнай беларускай культуры.
— Так, наш фестываль ладзіцца ва Уроцлаве 13 гадоў. На першы нават прыязджалі прадстаўнікі афіцыйнай Беларусі. Пазней, праўда, уцякалі (усміхаецца) – калі пабачылі, што на фестывалі не падтрымліваюць лінію ўлады.
Мы робім гэты фестываль у партнёрстве, гэта фундацыя «За вольнасьць нашыю і вашыю». У нас з’явілася думка, што будзем запрашаць тых людзей, якія не могуць зараз у Беларусі рабіць свае выставы, спектаклі ставіць, ці нешта, звязанае з рамёствамі. То бок наша пляцоўка для ўсіх беларусаў, якія не могуць вярнуцца сёння на Радзіму.
І наш фестываль заўсёды праходзіць пад рознымі лозунгамі. Напрыклад, у мінулым годзе было: «Разам далей». Гэтым годам лозунг быў «Я ёсць». Ён навеяны нашай сучаснасцю, бо шмат хто ўжо пяць гадоў знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі. І праз столькі гадоў часам цяжка нават ужо і зразумець: ці мы тут увогуле ёсць, ці мы прысутнічаем у польскім атачэнні?
Падчас фестывалю мы людзям зноў жа даносілі, такой ніткай гэта было пранізана: тое, што мы тут ёсць, далей існуем, бачым і дапамагаем адно адному — гэта вельмі важна. Пра гэта трэба адкрыта заяўляць: мы не растварыліся, не зніклі, бо мы працягваем.
Спадзяюся, наступным годам атрымаецца гэта важная справа пад слоганам, які так патрэбен сёння ўсім беларусам: «Мы будзем!»
Читайте еще
Избранное