Мне распавядалі гісторыю, як яшчэ да 2020 года, калі здавалася, што ў Беларусі дастаткова спакойная сітуацыя, адзін даследчы цэнтр у закрытым апытанні спытаў грамадзян пра стаўленне да Лукашэнкі — і высветлілася, што яно не такое, як хацелася б самому Лукашэнку. У цэнтра таго былі праблемы.
«Мэта ўладаў — разбіць люстэркі, каб грамадства не ведала, пра што яно думае. Гэта новы этап рэпрэсій»
Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст у інтэрв’ю Филину — пра чарговы ўдар па незалежнай сацыялогіі.
Нядаўна стала вядома пра прысуд у дачыненні да мінчаніна Яўгена Краснянскага. Экс-кіраўнік маркетынгавай кампаніі Satio атрымаў 7,5 год калоніі. Нагодай для прысуду стала правядзенне сацыялагічнага даследавання пра каранавірус.
Хоць, уласна, рознымі сацыялагічнымі і маркетынгавымі даследаваннямі кампанія Satio займалася амаль усе 20 год свайго існавання. Паводле Следчага камітэта, гэтым разам даследаванне было падрыхтавана для замежнай кампаніі і ўтрымлівала «загадзя ілжывыя звесткі пра палітыку краіны ў галіне аховы здароўя».
Яшчэ ў 2002 годзе беларускія ўлады забаранілі праводзіць апытанні без спецыяльнай акрэдытацыі. Але калі раней за «незаконныя сацапытанні», паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, быў прадугледжаны штраф да 20 базавых велічынь (юрасобам — да 100 БВ), то цяпер, відавочна, незалежная сацыялогія прыраўноўваецца да здрады дзяржаве.
Чаму ўлады так баяцца глядзецца ў люстэрка сацыялогіі і ці не шкодзяць яны забаронамі самі сабе, Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Радыё Свабода Юрыем Дракахрустам.
— Гэтая падзея, безумоўна, вельмі важная — і ў дадзеным выпадку сапраўды гаворка ідзе пра новую стадыю рэпрэсій, — зазначае аналітык. — Нанесены чарговы ўдар па самаўсведамленні беларусамі свайго становішча, сваіх меркаванняў.
Я паставіў бы прысуд былому кіраўніку Satio у адзін шэраг з пагромам «Беларускай аналітычнай майстэрні» (правакацыі, зладжанай КДБістам Бычакам, які ўбудаваўся ў фокус-групу, што праводзіла майстэрня) і таксама з пераследам за правядзенне сацыялагічных даследаванняў. Высвятленне грамадскай думкі цяпер трактуецца як цяжкое злачынства.
Прычым размова ідзе пра справы даволі старыя — тэма кавіда практычна страціла актуальнасць у 2022 годзе, калі скончылася пандэмія. Але ж у той час адказнасць за правядзенне сацыялагічных даследаванняў не была такой жорсткай — штрафы, а не «здрада дзяржаве» і гады калоніі.
Такая змена пазіцыі, падкрэслівае Юры Дракахруст, зусім не выпадковая: на думку ўладаў, грамадства не павінна ведаць, што яго насамрэч хвалюе.
Хоць пераслед незалежнай сацыялогіі — з’ява для Беларусі даволі старая. Яшчэ ў 2002 годзе, нагадвае аналітык, была прынятая пастанова наконт правядзення сацыялагічных даследаванняў — гэта патрабавала ліцэнзавання.
— Незалежныя сацыёлагі, зразумела, такога права ад уладаў не атрымлівалі. Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) спачатку быў выгнаны з Беларусі і пераведзены ў Літву. Але і адтуль ён праводзіў апытанні. А ў 2016 годзе адбыўся пагром структуры НІСЭПД, пасля чаго ён, па сутнасці, спыніў існаванне, — нагадвае аналітык. — Цяперашнія ўдары і па «Беларускай аналітычнай майстэрні», і па Satio — гэта працяг той лініі, скіраванай на тое, каб грамадства не ведала пра сябе: што яно думае і як.
— Але хіба гэта не шкодзіць самім уладам? Лукашэнка аказаўся ў 2020 годзе непадрыхтаваным да масавых пратэстаў — можа, акурат таму, што не меў незалежнай сацыялогіі і не бачыў рэальнай карціны спраў?
— Вы маеце рацыю, ускосна гэта сапраўды б’е і па самой уладзе. Бо калі грамадства не мае магчымасці даведацца, што ж яно думае на той ці іншы конт, то і ўлада губляе такую магчымасць.
Праўладныя сацыёлагі, натуральна, людзі залежныя і не вельмі прыемную інфармацыю ўладзе не даюць.
Прычым, як гэта бывае ў сістэме, ім ніхто не сказаў «вы далі кепскія дадзеныя» — знайшлося, за што даць па галаве. Але ж там разумныя былі людзі, усё зразумелі. І ці больш не задавалі такіх пытанняў, ці нейкім цудам адказы былі такімі, якія ўладу задавальняе.
Падобная «бурбалка», зазначае Юры Дракахруст, імаверна мае заспакаяльны эфект на правадыра рэжыму. Але ж часам нежаданне бачыць рэальнасць кепска сканчаецца, як паказваюць прыклады з гісторыі.
— Можна зразумець логіку ўладаў: так, мы не будзем ведаць, як там настроі, але і грамадства хай не ведае. А калі не ведае, то няма і памкнення да забурэнняў, нейкіх там пратэстаў, грамадскай актыўнасці, — разважае аналітык.
— Хочаце дазнацца, пра што думаюць беларусы? Вось вам Азаронак, вось карцінка, якую даюць БТ, АНТ і праўладныя сацыёлагі, кшталту ЕсооМ ці Інстытута сацыялогіі, там 87% за Аляксандра Рыгоравіча і суцэльнае адзінства. А тое, што вы там у курылках абмяркоўваеце — гэта адхіленне ад нормы.
Мэта — разбіць люстэркі, каб грамадства не ведала, пра што яно думае. І на маю думку, справа выключная, бо гэта новы этап рэпрэсій.
І ў яго святле згадаю гутарку прэзідэнта Трампа з Лукашэнкам і згадкі пра вызваленне 1300 палітвязняў. Нават калі пажаданне Дональда Трампа будзе выкананае — не выглядае, што іх вызваленне зменіць грамадскую атмасферу. Бо ступень кантролю над грамадствам толькі ўзмацняецца.
Мы бачым гэта ў тым ліку па новай тэндэнцыі, якую назіраюць праваабаронцы: на родных людзей, якіх пераследуюць «за палітыку», ціснуць, каб яны не паведамлялі нічога пра такі пераслед. Гэта таксама разбіванне люстэркаў, каб ні грамадства, ні свет не ведалі, колькі ж людзей сядзяць у Беларусі па палітычных матывах.
Палітвязняў, паводле ўладаў, у нас наогул няма, а па экстрэмісцкіх артыкулах — «вам не будзе вядома, колькі; колькі мы скажам».
— Да чаго гэта вядзе? Атрымліваецца, любая сацыялогія ў Беларусі і пра Беларусь, дзяржаўная ці незалежная, робіцца ўсё менш інфарматыўнай?
— Так. Уздзеянне так званага «фактара страху» было заўсёды, пасля 2020 года яно яшчэ ўзмацнілася, цяпер у сувязі з пераследам сацыёлагаў, мяркую, яшчэ ўзмацніцца. Але наколькі гэта будзе вырашальным — цяжка сказаць.
Былі спробы памераць «фактар страху», «Беларуская ініцыятыва» Chatham House гэта рабіла. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што парадак — каля 10 адсоткавых пунктаў. То бок, калі ўмоўна 30% апытаных кажуць, што падтрымліваюць Ціханоўскую — насамрэч гэта 40%.
Шмат хто гаворыць: маўляў, якія наогул апытанні можна праводзіць у «канцлагеры». Але, на маю думку, гэтая хвосткая фармулёўка не адпавядае рэчаіснасці. Скажам, калі сацыёлагі задавалі пытанне пра падтрымку Расіі ці Украіны ў вайне — там было прыкладна фіфці-фіфці, і людзі не баяліся, што іх пасадзяць за выказванне падтрымкі Украіны. Калі пыталіся пра размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў Беларусі — толькі 20% былі «за».
Таму — скажэнні ёсць, фактар страху працуе, але ж гэта не тое самае, што галасаванне за Лукашэнку ў студзені гэтага года, паводле ЦВК.
У апытаннях ёсць залежнасць: чым бліжэй да персаналіі («Вы асабіста за Лукашэнку ці супраць?»), тым большым будзе скажэнне. Але стаўленне да Расіі, да вайны, да Захаду, ацэнка эканамічнага дабрабыту — суцэльнай падтрымкі «лініі партыі» тут няма.
Некаторыя даныя, атрыманыя незалежнымі сацыёлагамі, нават па-свойму выгадныя ўладзе — напрыклад, пра стаўленне беларусаў да ўдзелу арміі РБ у вайне. Антываенны кансэнсус быў амаль што абсалютным, лічаныя адсоткі выказваліся «за». Гэта магло быць і аргументам у размовах Лукашэнкі з Пуціным: маўляў, я можа і не супраць, але народ-та не хоча.
Аднак, паўтаруся, для рэжыму сёння больш важна, каб народ не бачыў сябе ў люстэрку. Таму працягваецца і пераслед незалежных медыя, і незалежных сацыёлагаў. Бо калі няма лічбаў, вымярэння розных рэчаў, якое можна памацаць, — зручна жыць у бурбалцы, што вакол нас толькі прыхільнікі Лукашэнкі, а купкі «отщепенцев» калі і ёсць, то іх мала, амаль усе ўжо збеглі і ні на што не ўплываюць.
Чаўшэску ў свой час таксама думаў, што яго ўсе падтрымліваюць, а потым — бах! — і высветлілася, што амаль усе не падтрымліваюць. Так бывае ў гісторыі, калі няма зваротнай сувязі паміж уладай і грамадствам.
Читайте еще
Избранное