Кірылюк: «Улады баяцца страціць свой імунітэт, баяцца, што будзе прыменена ўніверсальная юрысдыкцыя»
Юрыст Міхаіл Кірылюк у каментары «Филину» адказаў прастаўніку афіцыйнага Мінска, які заклікаў не палітызаваць «злачынствы супраць чалавечнасці».
Беларускі рэжым не згодны з тымі злачынствамі супраць чалавечнасці, якія яму інкрымінуюць, піша Позірк.
На пасяджэнні камітэта Генасамблеі ААН па прававых пытаннях, прысвечаным барацьбе са злачынствамі супраць чалавечнасці, прадстаўнік улады Лукашэнкі заклікаў «не палітызаваць барацьбу» с гэтымі а злачынствамі.
«Зараз маецца сур'ёзнае разыходжанне пазіцый дзяржаў у меркаваннях па ключавых пытаннях дадзенай тэмы, такіх як вызначэнне паняцця «злачынствы супраць чалавечнасці», прымяненне ўніверсальнай юрысдыкцыі, імунітэт службовых асобаў ад замежнай крымінальнай юрысдыкцыі, механізмы ўрэгулявання спрэчак, узаемасувязь будучай канвенцыі і наяўнага нацыянальнага заканадаўства», — заявіў прадстаўнік Мінску.
Ён дадаў, што ў той жа час «Беларусь пацвярджае прыхільнасць справе барацьбы з дадзенай катэгорыяй крымінальных злачынстваў, прымае меры па іх прадухіленні і пакаранні за іх у рамках свайго нацыянальнага крымінальнага заканадаўства, гатовая і далей падтрымліваць супрацоўніцтва ў гэтай сферы».
Аб чым кажа заклік беларускага чыноўніка і чаму міжнародная супольнасць трактуе злачынствы беларускага рэжыму як злачынствы супраць чалавечнасці, Филин спытаў у юрыста Міхаіла Кірылюка.
— Гэтая занепакоенасць аб «сур'ёзным разыходжанні пазіцый» яскрава дэманструе тое, што яны насамрэч успрымаюць гэтыя праўныя працэсы, якія ідуць, як сур’ёзную пагрозу для сябе.
Міхаіл Кірылюк
Таксама гэта і адказ скептыкам, якія кажуць, навошта тая ўніверсальная юрысдыкцыя. Ну, абвясцілі ў міжнародны вышук кіраўніцтва Акрэсціна, жодзінскай турмы і некаторых іншых сілавікоў. Але ж яны не ездзяць у Еўропу і іх ніколі не арыштуюць.
Навошта вы грукаецеся ў Міжнародны крымінальны суд (МКС), калі Лукашэнка і Пуцін не ездзяць туды, дзе ёсць пагроза?
А вось гэта іх заява якраз кажа пра зваротнае, пра тое, што гэта на іх уплывае і гэта для іх важна.
Дакладна, яны баяцца страціць свой імунітэт, баяцца таго, што будзе прыменена ўніверсальная юрысдыкцыя. Таму што людзей, якія займаліся злачынствамі супраць чалавечнасці ў Беларусі, шмат.
І калі нормы міжнароднага права будуць распаўсюджвацца, кожны, хто прымяняў гвалт да людзей, можа пераследвацца да канца жыцця па крымінальнай адказнасці.
Калі ўважліва паслухаць тое, што кажа гэты прадстаўнік, то яны быццам намагаюцца шантажыраваць міжнародную сістэму тым, што могуць спыніць супрацоўніцтва ў галіне барацьбы з трансгранічнай арганізаванай злачыннасцю, да якой, напрыклад, адносіцца супрацьдзеянне наркатрафіку ці выкраданне людзей.
Бо яны гатовыя супрацоўнічаць з міжнароднымі структурамі, напрыклад, такімі як Інтэрпол, толькі ў тых выпадках, калі гэтыя ж самыя механізмы адказнасці не будуць прымяняцца да іх саміх.
Я так разумею гэты пасыл прадстаўніка Лукашэнкі.
Калі мы кажам пра кваліфікацыю, ці з’яўляецца тое, што робяць прадстаўнікі рэжыму міжнароднымі злачынствамі, адкажу: так, з’яўляецца.
Бо нават урад Літвы накіраваў пазоў у МКС, у якім таксама адзначыў, што супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі здзяйсняюцца злачынствы супраць чалавечнасці.
І яны зрабілі гэтыя высновы на аснове матэрыялаў, сабраных не пракурорамі і не прафесійнымі следчымі, а грамадскімі дзеячамі, праваабаронцамі і палітыкамі.
Гэта даказвае сур’ёзнасць злачынстваў, іх маштаб і тое, што яны маюць месца, бо было шмат пацвярджэнняў і таму, што ўкраінскіх дзяцей сапраўды вывозілі ў Беларусь, дзе займаліся іх індактрынацыяй, і штучнаму стварэнню мігранцкага крызісу.
Офіс пракурора МКС гэту справу прыняў, далей слова за імі. Мы ж упэўнены, што доказаў для таго, каб пачаць гэтую справу, дастаткова.
Прадстаўнікі рэжыму лепш за нас разумеюць, што дакладна падпадаюць пад дэфініцыі міжнароднага права, і таму імкнуцца іх змяніць. Імкнуцца заручыцца падтрымкай нейкага міжнароднага органа, які б пагадзіўся не распаўсюджваць на іх адказнасць за гэтыя злачынствы.