Филин

Юлія Кот

Казакевіч: «У сітуацыі нявызначанасці ехаць «першай асобе» рызыкоўна»

Дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у каментары Филину — пра галоўныя прычыны, чаму Лукашэнка не спяшаецца ў Вашынгтон.

У адміністрацыі Трампа паведамілі, што чакаюць на першай сустрэчы Рады міру не менш як 20 дэлегацый — пра гэта піша AP cа спасылкай на чыноўнікаў. Беларусь, нагадаем, на гэтым сходзе прадставіць кіраўнік МЗС Рыжанкоў, бо Аляксандр Лукашэнка не зможа прысутнічаць, паводле ягонай прэс-службы, з-за «лагістычных складанасцяў».

Зрэшты, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у гутарцы з Филином адзначае, што гэтыя аргументы гучаць не вельмі пераканаўча.

— Як выглядае, у Лукашэнкі можа быць некалькі прычын <каб не ляцець на паседжанне>, — разважае Казакевіч. — Прынамсі, фармат гэтай сустрэчы да канца не вызначаны — як і наогул многае з таго, што адбываецца падчас бягучай амерыканскай адміністрацыі.

Шмат хаосу, незразумелых момантаў: напрыклад, якія абавязкі возьмуць на сябе ўдзельнікі Рады? А раптам узнікне неабходнасць падпісваць нейкія дакументы ці прымаць хуткія рашэнні?

І ў такой сітуацыі нявызначанасці ехаць «першай асобе» дастаткова бессэнсоўна, ці нават рызыкоўна. Адправіць кагосьці, умоўна, на прамацванне сітуацыі, каб не згубіць саму пляцоўку, канал камунікацыі — гэта сапраўды можа выглядаць мэтазгодным.

Не забываемся яшчэ на дадатковы (а мо і ключавы) фактар: пазіцыя Масквы, з якой беларускія ўлады так ці інакш мусяць узгадняць свае пазіцыі. А Масква не вызначылася і на першае паседжанне дэлегацыю не адправіць. І гэта таксама зніжае для Лукашэнкі мэтазгоднасць наведвання Вашынгтону.

Што да публічных тлумачэнняў — лагістыкі, складанасцяў з-за санкцый — яны досыць нерэлевантныя. Асабліва, што да лагістыкі, бо ёсць розныя маршруты, і той жа Пуцін быў у ЗША зусім нядаўна.

Зрэшты, мы не ведаем дэталяў, ці гэта ўсё абмяркоўвалася з амерыканскім бокам і як. Напрыклад, маглі быць размовы: окей, мы прыедзем, але няхай будзе асабістая сустрэча Лукашэнкі і Трампа дзесьці ў кулуарах, рукапацісканне на публіку — а амерыканцы не гатовыя да гэтага. І шмат іншых нюансаў.

Але, паўтаруся, на мой погляд, паўплывалі на рашэнне Лукашэнкі два асноўныя фактары: хаатычны і незразумелы фармат самой сустрэчы, а таксама пазіцыя Масквы.

Што да наступстваў гэткага «ігнору» — на думку палітолага, шмат што залежыць ад таго, наколькі адміністрацыя Трампа лічыць гэтую падзею важнай і істотнай, альбо не:

— Мяркую, у кожным разе ёсць нейкія магчымасці, каб згладзіць негатыўныя наступствы для трэку беларуска-амерыканскай камунікацыі. І відавочна, што беларускія ўлады будуць імкнуцца гэта зрабіць. Не выключаю, што ўжо зрабілі.

А ўлічваючы хаатычнасць знешняй палітыкі Трампа, асабліва што тычыцца нязначных накірункаў — можа, гэта наогул ніяк не паўплывае на двухбаковыя стасункі.