Да кампаніі падключылі самога Лукашэнку. Яму, маўляў, паведамілі пра інцыдэнт, і ён даў «неабходныя даручэньні». Хоць, здавалася б, удзел у прапагандысцкім вэрхале, ня царская справа. Але згаданы факт сьведчыць пра тое, што гэтай кампаніі надалі высокі дзяржаўны статус.
Карбалевіч: «У гісторыі з дронам, які нібыта ўпаў у Горадні, шмат дзіўнага і супярэчлівага»
Улады Беларусі вырашылі разгарнуць вакол гісторыі з дронам, які нібыта ўпаў у Горадні, ня толькі прапагандысцкую, але палітычную, дыпляматычную кампанію. У ёй шмат дзіўнага і супярэчлівага, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
Напружаньне расьце
Здавалася б, сьпіраль канфлікту Беларусі зь Літвой закручана амаль да ўпору. Аднак высьветлілася, што напружаньне працягвае нарастаць. І ягонай крыніцай зьяўляюцца беларускія ўлады.
Пасьля таго, як Літва адкрыла мяжу зь Беларусьсю 20 лістапада, атакі кантрабанднымі балёнамі зь беларускай тэрыторыі толькі ўзмацніліся. Празь іх праца аэрапорту ў Вільні спынялася пяць разоў за дзесяць дзён.
1 сьнежня ў Літву заляцелі 60 балёнаў, якія запускалі з такімі інтэрваламі, каб яны пастаянна знаходзіліся ў крытычных зонах для руху транспарту ў Віленскім аэрапорце. Ён быў закрыты на 11 гадзін, абмежаваньні закранулі 50 рэйсаў, якія абслугоўвалі больш за 7,4 тысячы пасажыраў.
Чарговы ўсплёск прапагандысцкай атакі на Літву здарыўся 1 сьнежня ў зьвязку з дронам, які нібыта ўпаў у Горадні. Паводле вэрсіі беларускіх уладаў, беспілотнік прыляцеў зь літоўскай тэрыторыі. І на гэтай падставе Менск абвінавачвае Вільню ва ўсіх сьмяротных грахах.
Дроны над Беларусьсю — звыклая зьява?
З 2024 года замежныя дроны ў паветранай прасторы Беларусі сталі звыклай зьявай. Свабода падлічыла, што за апошнія 14 месяцаў у паветранай прасторы Беларусі было зафіксавана каля 700 дронаў, што заляцелі з тэрыторыі Ўкраіны ці Расеі.
Напрыклад, за першы тыдзень ліпеня сёлета зафіксавалі 59 выпадкаў іх прылёту. Здараліся падзеньні бесьпілётнікаў на гарады: Гомель, Калінкавічы, Хойнікі. 29 ліпеня 2025 году дрон упаў у цэнтры Менску. Паводле інфармацыі Сьледчага камітэту, ён быў запоўнены тратылам і вялікай колькасьцю паражальных элемэнтаў.
Мінулым годам дрон з Украіны праляцеў праз усю беларускую тэрыторыю і прызямліўся ў Латвіі. Зафіксавана ня менш трох выпадкаў, калі бесьпілётнік з Беларусі трапляў у Літву. У ноч на 10 верасьня 19 расейскіх дронаў заляцелі ў Польшчу з беларускай і ўкраінскай тэрыторыі.
Хоць многія дроны прыляталі ў Беларусь з тэрыторыі Ўкраіны, аднак яны былі расейскімі. Што стварала пэўную нязручнасьць для прапаганды. Таму доўгі час беларускія ўлады замоўчвалі гэта. Грамадзян, які абнародавалі гэтыя факты ў сацыяльных сетках, затрымлівалі супрацоўнікі МУС.
То бок зьяўленьне дронаў ужо не сэнсацыя, а паўсядзённасьць. Пагатоў што зусім побач ідзе вайна, у якой бесьпілётнікі сталі ці не асноўнай зброяй.
Менск разгарнуў палітычную кампанію
Але беларускія ўлады вырашылі разгарнуць вакол гісторыі з дронам у Горадні ня толькі прапагандысцкую, але палітычную, дыпляматычную кампанію. Акцэнт робіцца на тым, што гэта была «наўмысная», нават «двайная» правакацыя Літвы. Але ня толькі. Паводле інфармацыі БТ, на лопасьцях маецца адрас нямецкага сайта-вытворцы aero-naut.de. То бок за плячыма Літвы стаіць калектыўны Захад.
МЗС Беларусі зрабіла дыпляматычны дэмарш, які выглядаў даволі дзіўна. Інфармацыя пра выклік часовага паверанага ў справах пасольства Літвы зьявілася ў падкантрольных уладам мэдыя за гадзіну да таго, як сам літоўскі дыплямант атрымаў запрашэньне.
Прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант пракамэнтавала гэты эпізод двухсэнсоўнай і зьневажальнай фразай, што Літва «страляе ўжо сабе між ног».
На цяперашні момант у гэтай гісторыі шмат незразумелага. Ці прылятаў увогуле той дрон? Калі быў, то хто яго запусьціў? Літоўскія ўлады на афіцыйным узроўні адмаўляюць сваю датычнасьць да гэтага інцыдэнту. Адкуль прыляцеў гэты бесьпілётнік?
Супярэчлівая інфармацыя
Калі грунтавацца на інфармацыі, якую падаюць беларускія ўлады, то выяўляецца шмат дзіўнага і супярэчлівага. Найперш, чаму амаль суткі маўчалі? Патрэбен быў час, каб узгадніць патрэбную вэрсію?
Паводле інфармацыі МУС, «на адной з вуліц Горадні быў знойдзены БПЛА невядомага паходжаньня». Але, калі ён «невядомага паходжаньня», то чаму адразу паказалі пальцам на Літву?
Незразумела, якая была мэта запуску гэтага дрону. МУС заявіў, што з бесьпілётніка раскідалі беларускія нацыянальныя сьцяжкі. Ну няхай сабе. Гэта нібыта супадае з тэзай пра «наўмысную правакацыю».
Але тэлеканал Беларусь-1 паведаміў, што бесьпілётнік «быў начынены паводле апошняга слова тэхнікі» і, зьяўляўся па сутнасьці, «карлікавым разьведчыкам».
Калі дрон быў такім супэрсучасным у тэхнічным пляне, то чаму ён раптам упаў у цэнтры Горадні, то бок, пацярпеў аварыю? Інфармацыі, што бесьпілётнік быў зьбіты, няма.
Калі гэты дрон — выведнік, то навошта на яго навесілі функцыю прапаганды ў выглядзе раскідваньня бел-чырвона-белых сьцяжкоў? Тут ці адно, ці другое.
І гэта яшчэ ня ўсё. Тэлеканал «Беларусь-1» апавядае: «Расшыфроўка даных паказала, што… дрон павінен быў, праляцеўшы над Горадняй, пайсьці ў Польшчу, узяць курс у бок Нямеччыны, аднак над польскім горадам Быдгашч бесьпілётнік мусіў разьвярнуцца і ляцець назад, у бок Горадні, зноў перасячы польска-беларускую мяжу і з Горадні вярнуцца назад у Літву».
З чыста тэхнічнага гледзішча, паводле экспэртаў, для дронаў падобнай мадэлі такая вялікая адлегласьць недасяжная.
Выснова палягае ў тым, што беларускія ўлады ідуць па шляху эскаляцыі, падымаюць стаўкі, штучна ствараюць напружаньне, каб зламаць супраціў Літвы. У такой лініі, выглядае, больш ірацыянальнага, чым рацыянальнага, праявы нейкіх комплексаў, ці то дзяржаўных, ці асабістых.
Читайте еще
Избранное