Карбалевіч: «Калі перамога відавочная, то няма неабходнасці яе дадаткова дэманстраваць»
Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч — пра выбар Лукашэнкам даты інаўгурацыі.
— Задушыўшы пратэст, выціснуўшы значную частку апанентаў за мяжу ці перасадзіўшы ў вязніцы, Лукашэнка вырашыў, што атрымаў перамогу, і хацеў бы замацаваць гэтую перамогу працэсам інаўгурацыі менавіта на Дзень Волі, — тлумачыць Карбалевіч. — То бок гэта, як ён разумее, павінна стаць некім, з яго гледзішча, парадам перамогі, дэманстрацыяй сваёй перамогі над пратэстамі.
Але тут адразу ўзнікае некалькі момантаў. Калі Лукашэнка хоча зацвердзіць сваю перамогу, то адразу ўзнікае пытанне: калі перамога відавочная, то няма неабходнасці яе дадаткова дэманстраваць. А калі такая неабходнасць ёсць, значыць, перамога няпэўная.
З другога боку, калі палітык спрабуе ў гэтую дату аб’явіць пра сваю перамогу, то значыць, ён яе прызнае, гэтую дату. Хоць і са знакам мінус. Гэтая дата ў любым выпадку ўвойдзе ў беларускую гісторыю, можа, якраз з дапамогай інаўгурацыі яшчэ раз нагадае беларусам, што ёсць іншы праект — нелукашэнкаўскі. Праект беларускай дзяржаўнасці, праект несавецкі. І невядома, у якім будучым гэты праект усё ж такі, як мне падаецца, атрымае перамогу.
Читайте еще
Избранное