Цыганкоў: «Калі Трамп вызваляў бы Асьвенцім, яны б пратэставалі супраць»
Палітычны аглядальнік — пра рэакцыю на дзеянні Трампа ў Іране.
— У гэтыя дні я з задавальненьнем і радасьцю чытаю допісы адэкватных людзей, — піша Віталь Цыганкоў. — Тых, якія відавочна не любяць Трампа (ёсьць за што) і не раз гэта засьведчылі. Але сёньня яны ўхваляюць аперацыю ЗША і Ізраіля ў Іране, асьцярожна спадзяючыся, што яна прывядзе да зьмены рэжыму – бо для іх ёсьць каштоўнасныя прыярытэты, якія перавышаюць стаўленьне да пэўных рысаў характару пэўнай супярэчлівай асобы.
І ёсьць іншыя, якія зноў выяўляюць сваю хваробу нянавісьці да Трампа, якая зьмятае ўсё іншае, асабліва рацыянальнасьць і логіку. Гэтыя людзі дзейнічаюць паводле прынцыпу, які мне калісьці заявіла адна калега – «я любіла хакей, але калі Лукашэнка пачаў у яго гуляць, я хакей разлюбіла». Таму — калі Трамп вызваляў бы Асьвенцім, яны б пратэставалі супраць.
І ёсьць трэці, самы небясьпечны варыянт. Гэта нянавісьць не да Трампа, а да Захаду, да заходняй цывілізацыі. І паколькі толькі ЗША сёньня нешта робяць для абароны інтарэсаў гэтай цывілізацыі, пакуль Эўропа сядзіць ціхенька ў сваім куточку — то гэта нянавісьць да ЗША.
У іх сьветапоглядзе Захад заўсёды заганны, амаральны, імперыялістычны. Таму, усё, што ён робіць — адпаведна няправільна і амаральна. Для іх ня мае значэньне паняцьце справядлівасьці, правоў, ня мае значэньне, хто мае рацыю. Мае значэньне толькі адно — мацнейшы (ЗША) заўсёды вінаваты, а слабы заўсёды — нявінная ахвяра.
Калі яны вылучаюць лозунг «Globalise the intifada» альбо «Decolonisation USA» – то ня можа быць ніякіх ілюзіяў наконт таго, што гэта азначае – разбурэньне заходняй цывілізацыі, свабоднага грамадзтва.
Гэта такое культавае самакатаваньне, «самоистязание». Мусульманскія рэлігійныя фанатыкі хвастаюць сябе бізунамі і ланцугамі па сьпіне і грудзі ў рэлігійным экстазе, выганяючы з сябе грэх.
А заходнія фанатыкі ня менш самааддана ідэалагічнымі ланцугамі выганяюць з сябе Захад, Амэрыку, лічачы іх сатаной і крыніцай усіх бедаў чалавецтва.
Читайте еще
Избранное