Частка рэдакцыі «Радыё Свабода» сыходзіць у вымушаны адпачынак

Беларуская служба Радыё Свабода вымушаная адправіць частку рэдакцыі ў адпачынак, бо прыпынена фінансаванне, гаворыцца ў заяве рэдакцыі.

Журналіст Дзмітрый Гурневіч патлумачыў:

– Сябры, пражская каманда Свабоды сыходзіць у вымушаны адпачынак. Вы пэўна бачылі загалоўкі, што нашае фінансаванне адноўленае. Але пакуль гэта не так. Мы далей змагаемся за сродкі, якія нам прызнаў Кангрэс, у судзе. Пакуль жа кампанія ня мае належных сродкаў для паўнавартаснай працы.

З гэтай прычыны частка нашай рэдакцыі сыходзіць у адпачынак. Адпаведна, бліжэйшым часам публікацыяў на нашых платформах стане прыкметна менш. Некаторыя з нашых знакавых праектаў — «ПіК Свабоды» на YouTube-канале «Свабода Premium» ці «Тлумачым з Гурневічам» на YouTube-канале Радыё Свабода, відэападкасты «Гісторыя на Свабодзе» і «Куды коціцца свет» — стануць на вымушаную паўзу.

15 сакавіка Агенцтва глабальных медыя ЗША (USAGM) заявіла аб спыненні гранту для Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода (РСЕ/РС). Указ заклікаў да скарачэння сямі федэральных агенцтваў — у тым ліку USAGM — да «максімальнай ступені, якая адпавядае дзейнаму заканадаўству».

18 сакавіка РСЕ/РС падала пазоў у суд на Агенцтва ЗША па глабальных медыя, а таксама на службовых асоб арганізацыі Кэры Лейк і Віктара Маралеса, каб заблакаваць іх спробы спыніць дзеянне зацверджанага Кангрэсам ЗША гранта, выдзеленага на працу арганізацыі.

26 сакавіка USAGM напісала Радыё Свабодная Еўропа / Радыё Свабода, што скасоўвае сваю заяву аб спыненні гранту ад Кангрэсу, выдадзеную 15 сакавіка, але падкрэсліла, што захоўвае за сабой права спыніць выдзяленне гэтага гранту ў будучыні.

Мэдыякарпарацыя «чакае афіцыйнага пацверджання ад USAGM аб аднаўленні грантавага фінансавання», але гэтага пакуль не адбылося. Адпаведна, кампанія не мае належных сродкаў для паўнавартаснай працы, гаворыцца ў заяве Беларускай службы Радыё Свабода.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.6(5)