Общество

Былая палітзняволеная: «У калоніі ў нас і спыталі, калі будзе экзгумацыя Лукашэнкі»

Былая палітзняволеная ПК-4, якая нядаўна выйшла на волю, ананімна распавяла Вясне пра ўмовы, у якіх утрымліваюцца вязні. А таксама — пра ціск, з якім сутыкаюцца палітзняволеныя, медыцыну ў калоніі і тое, чаму з бібліятэкі зніклі гістарычныя кніжкі.

Жаночая калонія № 4. Скрыншот з фільма «Дэбют»

«Ты можаш рабіць тое ж, што робяць усе, але атрымаць за гэта спагнанне»

У атрадзе, у якім знаходзілася Людміла (імя суразмоўцы змененае з прычыны бяспекі), усяго было каля 100 чалавек. 9-10 з іх — палітзняволеныя. Бытавыя ўмовы не разлічаныя на такую колькасць чалавек.

— Напрыклад, у прыбіральні толькі пяць кабінак — да таго ж, без дзвярэй, — узгадвае Людміла. —Умывальнікаў толькі сем, а каб памыць галаву, атраду даецца паўтары-дзве гадзіны, за якія ўсе 100 чалавек мусяць паспець усё зрабіць. На перапынках усе мусяць паспець таксама закіпяціць сабе кавы і папіць яе, хаця ў пакоі толькі 3-4 разеткі. Гэтаму вельмі цяжка даць рады, ты ўвесь час у напрузе.

Маральна цісне і тое, што палітзняволеныя ўвесь час знаходзяцца пад назіраннем — адміністрацыі і іншых асуджаных. Ім таксама забаронена тое, што дазволена «белым» — жанчынам, асуджаным паводле непалітычных артыкулаў.

— Ты можаш рабіць тое ж, што робяць усе, але атрымаць за гэта спагнанне, — кажа Людміла. —

Напрыклад, за тое, што стаіш за два метры ад кіпяцільніка, а не побач з ім — на цябе могуць скласці рапарт. А «белыя» могуць уключыць кіпяцільнік і пайсці кудысьці — палітычным гэта забаронена.

Палітычныя не могуць хадзіць у спортзал — толькі тыя, што супрацоўнічаюць з адміністрацыяй. Не маюць права хадзіць у царкву.

І калі асуджаныя паводле непалітычных спраў могуць у якасці спагнання атрымаць мыццё падлогі, то палітычных пазбаўляюць пасылкі з дома, спатканняў альбо адпраўляюць у ШІЗА. Адтуль шмат хто вяртаецца хворымі, бо ўмовы ўтрымання там жудасныя.

— Дзяўчатам туды перадаюць цэлы рулон туалетнай паперы, каб яны маглі пакласці яго замест падушкі, — узгадвае Людміла.

Адміністрацыя калоніі таксама дае заданні правакаваць палітычных на парушэнні і сочыць за кожным словам, каб даць чарговае спагнанне.

— Гэта вельмі цяжка, — уздыхае Людміла. — Ты стараешся «выключыць лямпачку»: нікога не бачыць, нічога не заўважаць. Часам не атрымліваецца. Дапамагаў мне Бог. Кожны дзень, калі а сёмай раніцы стаялі на пляцу на праверцы, я глядзела ў неба і прасіла Бога, каб ён мне дапамог, чытала малітвы. Мне было няважна, што не пускалі ў царкву — для мяне важная вера.

Па калоніі хадзіла гісторыя, што адной жанчыне пасля споведзі ў царкве пры калоніі дадалі два гады да тэрміну. Пасля такога асабліва не імкнешся туды ісці. Царква ў калоніі — гэта чарговы допыт следчага. Да неба вочы падымі — і там пабачыш Бога.

Звычайныя допыты ў калоніі таксама працягваліся: гэта называлася прафілактычныя гутаркі з куратарамі. Яны могуць цягнуцца і гадзіну, і тры.

— Яны хочуць, каб ты ім штосьці распавяла, — кажа Людміла. — Ты стаіш, маўчыш, а цябе паліваюць брудам — якая ты дрэнная, што тут сядзіш. І няважна, вінаватая ты ці не — ніхто табе не верыць. І вельмі дрэнна сябе адчуваеш, калі палітычныя закладваюць такіх самых палітзняволеных адміністрацыі, думаючы, што гэта прыблізіць іх выхад з палону.

«Начальніца санчасткі — злейшы вораг усіх палітычных»

У ПК-4 таксама цяжка атрымаць нармальную медычную дапамогу. Там выдаюць 3-4 беларускіх лекаў ад усіх хвароб — часам, нават пратэрмінаваныя. Каб выпісалі штосьці лепшае, што могуць даслаць родныя, трэба запісвацца на прыём спецыялістаў з гораду, аднак да іх вялікая чарга — ды і ў асноўным у яе запісваюць непалітычных.

Начальніца санчасткі Святлана Сілкіна

— Начальніца санчасткі Святлана Аляксандраўна Сілкіна — самы злейшы вораг усіх палітычных, — распавядае жанчына. — З ёй таксама яшчэ пару чалавек у камандзе. Калі просіш лекі ці вітаміны, кажуць, што не паложана, а калі пачынаеш даказваць, што маеш на іх права — пагражаюць рапартам.

Я ведаю палітычную жанчыну з групай інваліднасці, якой не давалі атрымліваць дадатковую вітамінную пасылку. Да таго ж, жанчыны з гепатытам і ВІЧ сядзяць там усе разам у адным атрадзе, карыстаюцца адным бідэ, раскідваюць акрываўленыя пракладкі, якія дзяжурныя мусяць збіраць. Так не павінна быць, трэба іх у асобны атрад, бо можна заразіцца.

А магчымасцяў захварэць у калоніі досыць шмат. Дрэннае харчаванне, цяжкія ўмовы працы. Летам у памяшканні, дзе жанчыны працуюць на швейных машынках, вельмі спякотна. Выцяжка там не працуе, а адчыніць вокны не заўсёды атрымліваецца, бо тыя, хто сядзяць ля іх, сядзелі б на скразняку.

— А на ўсіх апранутыя цяжкія фартухі з сінтэтыкі, — кажа Людміла. — Іх хочацца там зняць, каб было не так горача. А зімой і восенню выдаюць такі абутак, як кайданы — са свіной скуры, якая не гнецца. І калі на працу атрад ідзе па лужынах, іх не абысці, жанчыны прыходзяць у мокрым абутку — і яны мусяць цэлы дзень сядзець так каля швейных машын.

Працуюць жанчыны ў асноўным на старых швейных машынках сярод матывацыйных савецкіх плакатаў 70-80-х гадоў. Там шыюць вопратку для ўсіх дзяржаўных структур — у тым ліку, супрацоўнікаў міліцыі. А атрымліваюць за гэта максімум 15-20 рублёў.

У нячасты свабодны час зняволеныя могуць чытаць бібліятэчныя кнігі, аднак у палітвязняў і тут існуюць пэўныя абмежаванні. Напрыклад, ім нельга браць аніякія кніжкі з паліцы па псіхалогіі. Таксама пад нагодай праставіць штампы ў зняволеных забралі юрыдычную літаратуру — і так і не вярнулі. Затое можна было чытаць школьныя падручнікі па розных дысцыплінах.

— Раз на месяц у бібліятэку прыходзіла праверка і забірала некаторыя кніжкі, — распавядае Людміла. — Часта «белыя» падглядалі, чым цікавяцца палітычныя — і хутка тых кніжак ужо не было. Сярод іх жа ўвогуле было шмат не вельмі разумных людзей.

У 2025 годзе пасля выбараў нейкія падышлі да нас і спыталі, калі будзе экзгумацыя Лукашэнкі. Калі мы зразумелі, што яны спыталіся пра інаўгурацыю, дружна засмяяліся і параілі ім чакаць, бо і самі не ведаем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)