Общество

Дар’я Гардзейчык, ІншыЯ

«Атмасфера там, канечне, своеасаблівая»

ІншыЯ распавядаюць гісторыю Альберта пра шпіталізацыю ў Навінках. Ён расказаў пра тое, у якіх умовах адбывалася лячэнне, наколькі яно было эфектыўным і з якімі нечаканымі выклікамі даводзіцца сутыкацца людзям, якія трапляюць у беларускія псіхіятрычныя шпіталі.

Альберт — культурніцкі менеджар. З дэпрэсіяй ён сутыкнуўся яшчэ ва ўзросце 17 гадоў, аднак не звяртаўся па дапамогу і ўвогуле лічыў, што яго стан — рэакцыя на пераезд і месца вучобы, якое яму не пасавала.

Сімптомы дэпрэсіі то адступалі, то вярталіся, і праз некалькі гадоў, у 2018 годзе, Альберт быў вымушаны звярнуцца ў медычную дзяржаўную ўстанову і атрымаў накіраванне ў знакаміты РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках.

«Тлумачыў тым, што проста лянівы»

Першы раз я патрапіў да псіхіятра, калі мне было гадоў 11.

— У мяне быў тады нервовы зрыў: бацькі разводзіліся, поўны трэш рабіўся… Я хадзіў на нейкія працэдуры, на кіслародныя кактэйлі — карацей, чыліў у паліклініцы. Мяне адлячылі, і ўсё: у школу гэтая інфармацыя ніяк не прасачылася, ніхто на мяне праз гэта крыва не глядзеў.

Пасля школы я прыехаў вучыцца ў Варшаву. Тады са мной адбывалася нешта незразумелае: я дрэнна сябе адчуваў, пераважна сядзеў дома, нават на вучобу асабліва не хадзіў. Але я гэта тлумачыў тым, што проста лянівы. На лета вярнуўся ў Мінск, і там я адчуваў сябе нармальна. Вярнуўся ў Варшаву на другі год навучання — тая ж халера.

Я рэгулярна глядзеў з балкона і думаў, што, у прынцыпе, скочыць адтуль — добры спосаб вырашэння праблемаў.

Так я прыйшоў да высновы, што мне проста дрэнна ў Варшаве, бо кожны раз, калі я наведваў Мінск, мне станавілася лепей. У Варшаве няма сэнсу жыцця, а ў Мінску — ёсць.

Тады я вярнуўся ў Мінск.

«Пачалася класічная дэпрэсія — з сімптомамі, як з падручніка»

Альберт улетку перад шпіталізацыяй. Фота з асабістага архіва суразмоўцы

У Мінску быў свой варушняк, звязаны з габрэйскай нефармальнай адукацыяй, дзе я шмат валанцёрыў, а пасля працаваў і нават кіраваў. Але ўсё адно я ў Мінску сутыкаўся з трывогай, з праблемамі ў стасунках і ў адносінах з сабой. Але ніяк асабліва з гэтым не разбіраўся: працаваў сабе ў нефармальнай адукацыі і вучыўся паралельна. А пасля мяне пачало моцна накрываць…

У мяне пачалася класічная дэпрэсія — з сімптомамі, як з падручніка. Гэты стан ішоў такімі хвалямі: недзе я яшчэ мог «сабрацца» і нешта зрабіць, а недзе — мяне ўжо жорстка вырубала (маецца на ўвазе пачатак моцнай дэпрэсіўнай сімптаматыкі: калі чалавек адчувае поўную страту сіл, матывацыі і здольнасці выконваць нават простыя паўсядзённыя задачы, — Заўв.).

У мяне была складаная працоўная задача: мне трэба было арганізаваць летнік на 100 чалавек са складанай лагістыкай праз тры краіны. Да гэтага моманту я ўжо пачаў пікіраваць уніз.

Удзень я спаў, а ноччу, калі мне было больш-менш нармальна, я ішоў бадзяцца па горадзе: увесь час падбухваў на Кастрычніцкай, пакурваў, прыліпаў да нейкіх дзіўных кампаній. Паралельна з гэтым на мяне ціснула пачуццё адказнасці за маю працу, і я не ведаў, як гэта ўсё разруліць.

У нейкі момант я пазваніў па тэлефоне даверу. І там не ўзялі трубку — проста анекдот!

На гэтым я не спыніўся і ў адзін з маіх начных шпацыраў дайшоў да Бехцерава (Мінскі гарадскі клінічны цэнтр псіхіятрыі і псіхатэрапіі на вул. Бехцерава, 5, — Заўв.).

Кажу ў рэгістратуры: «Мне херова, дапамажыце». Мне кажуць: «Па месцы жыхарства схадзі». Чорт з вамі — пайшоў па месцы жыхарства, але там не было псіхіятра. Давялося запісвацца ў суседнюю паліклініку. Урэшце прыйшоў да псіхіятра — ён даў мне апытанку Бэка (псіхалагічны тэст, які выкарыстоўваецца для ацэнкі ўзроўню дэпрэсіі).

Я запоўніў, ён кажа: «Вам трэба ў шпіталь». Я кажу: «Не магу ў шпіталь, у мяне летнік!»

Прыйшоў на працу, патлумачыў, што такая сітуацыя, шмат факапаў, а я не ведаю, што рабіць. Урэшце мне дапамаглі, і летнікі атрымаліся вельмі класныя. Аднак гэтае лета, канечне, прайшло цяжка. Мяне яшчэ і з вучобы адлічылі, хаця я прасіў пераздаць увосень. Карацей, напрыканцы лета мяне зноў моцна накрыла.

Я зноў прыйшоў да таго лекара, які сказаў, што мне трэба ў шпіталь, і ён накіраваў мяне ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Прышпільна — Навінкі! Столькі чуў, але ні разу не быў.

«Дагэтуль не разумею, адкуль уся гэтая турэмная рамантыка там узялася»

Атмасфера там, канечне, своеасаблівая. Заходзіш — там стаіць суворы санітар. Ён глядзіць твае рэчы, забірае тэлефон. Правярае, ці не занадта ў цябе «далбанутыя» кніжкі. Было стрэсава, але ўгарна.

Я трапіў у 19-е аддзяленне — крызіснае. Іду па гэтым аддзяленні з санітарам, а побач з намі ідзе нейкі чувак з дзіўнымі слядамі на шыі (імаверна, ад спробы ўдушэння, — Заўв.). Пасля я даведаўся, што яго называлі Кузнечык, бо ён увесь час хадзіў у зялёным халаце. Такая трагікамічная постаць, якая ўвесь час з цікаўнасцю бадзялася па аддзяленнях.

Мяне адправілі ў назіральную палату, якая без дзвярэй (Назіральная палата — гэта спецыяльнае памяшканне, прызначанае для часовага размяшчэння пацыента_к. Туды абавязкова змяшчаюць усіх, хто паступае ў шпіталь. Гэта робіцца для таго, каб вызначыць наяўнасць сімптомаў, пра якія чалавек, можа, не распавёў, — Заўв.).

Мяне там сустрэлі нейкія мужыкі, што гулялі ў карты. І раптам да мяне падыходзіць чэл — жудасны, капец, — і пачынае расказваць, што тут, на аддзяленні, у іх усё агульнае. Я нічога не разумеў, пакуль не трапіў у звычайную палату.

Аказалася, што ў гэтым аддзяленні панавала турэмная рамантыка.

У аддзяленні было чалавек 50, і большая частка з іх рабіла нейкі чыфір, мела нейкія «понятия» і «смотрящих». Дагэтуль не разумею, адкуль уся гэтая турэмная рамантыка там узялася.

Той самы чалавек, які расказваў, што ў іх усё агульнае, зноў пачаў да мяне падыходзіць з дзіўнымі размовамі. У нейкі момант ён папрасіў прадаць яму мой тэлефон. Потым падыходзіць, запытваецца: «Я бачу, цябе наведваюць — можа, хтосьці з тваіх на сваё імя зробіць мне сімку?»

Я кажу: «Косця, якую сімку — я ж ведаю, чым ты займаешся». Косця, як я зразумеў, займаўся нейкім змрочным крыміналам. Называў сябе «смотрящим» Чэрвеня («Смотрящий» — гэта крымінальны аўтарытэт, які лічыцца галоўным у пэўным рэгіёне. А Чэрвень — гэта горад у Мінскай вобласці, — Заўв.), ці нешта такое.

У нейкі момант Косця зноў падышоў да мяне, расказаў нейкую слязлівую гісторыю пра сваё жыццё, а потым раптам папрасіў мой нумар тэлефона — маўляў, каб пасля выпіскі падтрымліваць кантакт. Скончылася ўсё тым, што аднойчы Косця папрасіў у мяне два рублі, а я яго паслаў. Больш Косця да мяне не падыходзіў, але дакалупваўся да іншых маладых хлопцаў.

Мяне размеркавалі ў палату на шэсць чалавек, і амаль адразу, як я прыйшоў, мне прапанавалі пакаштаваць чыфір. Там ёсць медсёстры, з якімі можна дамовіцца, каб табе «аформілі» кіпень. А яшчэ ў нас аднекуль была гарбата і судочак з-пад морквы па-карэйску (у судочак засыпалі заварку, бо іншага посуду няма, — Заўв.).

«У душ сёння толькі па цыгарэтах»

Валютай у аддзяленні былі цыгарэты. Там ёсць душ, за якім прыглядае санітар. Але душ дасяжны не заўсёды, бо ў пэўны момант санітар можа заявіць: «У душ сёння толькі па цыгарэтах».

Аднойчы адзін хлопец папрасіў у мяне пачку цыгарэт — маўляў, за тое, што ён намаляваў мой партрэт. Насамрэч ён перамаляваў з нейкага падручніка партрэт Чэхава ці каго там. У мяне тады была доўгая барада — маўляў, падобна. Я яму пару цыгарынак адсыпаў.

Тэлефоны забіраюць. Калі хочаш сазваніцца з блізкімі, трэба чакаць, пакуль яны самі пазвоняць на гарадскі нумар аддзялення. Або можна было прасіць у медсястры свой тэлефон на гадзіну ў дзень, а пасля аддаваць яго назад. Але я зразумеў, што можна дамовіцца: аддаў медсястры свой праязны на тры віды транспарту — навошта ён мне ў Навінках — і тэлефон увесь час быў у мяне.

Праўда, тэлефон даводзілася хаваць ад санітараў. Быў там адзін санітар — самы далбануты, — які любіў нечакана ўрывацца ў палаты і пытацца: «А што тут у вас адбываецца?!»

Адзін раз ён так зайшоў, а я акурат размаўляў са сваёй тагачаснай партнёркай. Я яго пабачыў — кінуў тэлефон пад тапак. Санітар кажа: «Не, не пракаціць». Забраў тэлефон і аднёс да медсястры. Я пайшоў да медсястры — і зноў забраў яго.

Была там адна сястра-гаспадыня, якая адчула сваю ўладу і ўвесь час дакопвалася да мяне. Заходзіла штораніцы праверыць парадак у палаце. А ў мяне ў тумбачцы было шмат кніг — я шмат чытаў, і не было такога, каб мяне штодня наведвалі і забіралі ўжо прачытанае. Яна кажа: «У цябе занадта шмат кніг, я ўсё зараз забяру». І пачынае выносіць мозг.

Альберт падчас шпіталізацыі ў палаце. Фота з асабістага архіва

З аддзялення нельга проста так выйсці. Калі хочаш, каб цябе пачалі выпускаць, мусіш дзяжурыць — напрыклад, у сталовай дапамагаць з раздачай ежы або падмятаць на вуліцы. Але калі ты ўжо можаш выйсці з аддзялення, то, па сутнасці, можаш і з Навінак з’ехаць. Я так дахаты ездзіў два разы. Мы часта хадзілі ў ларок, што побач. Каля Навінак яшчэ царква стаіць, перазвоны, сажалка — атмасферна, канечне.

Я вялікі авантурыст — ва ўсім гэтым я знаходзіў нейкі прышпіл. Ці спрыяла гэта майму псіхічнаму выздараўленню? Магчыма. Не ведаю. У нейкі момант я нават пачаў «адукоўваць» былых «арыштантаў» пра правы ЛГБТК+, пра дэмакратычныя каштоўнасці. Я, увогуле, досыць адаптыўны, але бачыў хлопцаў, якім у такой абстаноўцы было зусім не весела.

Пра лячэнне

Я вельмі хацеў лячыцца: быў гатовы прымаць усе таблеткі, хадзіць на ўсе працэдуры, наведваць тэрапію.

Я трапіў у шпіталь у выходныя, таму да лекара патрапіў толькі ў першы працоўны дзень. Я расказаў яму пра свой стан усё як ёсць. Ён кажа: «Ты нічога не выдумляеш. У цябе насамрэч дэпрэсія — гэта рэальна, гэта здараецца». Я ледзь не расплакаўся.

Калі я трапіў у Навінкі, акурат з’яўлялася «мода» на ментальнае здароўе. Было прышпільна абмяркоўваць з завадчанамі з Барысава панічныя атакі — яны пра гэта расказвалі не як пра складаныя духоўныя матэрыі, а як пра простыя рэчы, якія з імі здараліся. Гэта была вялікая падтрымка. Бо ты разумееш, што панічныя атакі ці дэпрэсія — гэта не для нейкай багемы, груба кажучы.

Пяць разоў на тыдзень была групавая псіхатэрапія і два разы — індывідуальная. У нас былі вельмі класныя тэрапеўт і тэрапеўтка — пасля я з адным з іх яшчэ некалькі год займаўся прыватна.

Я вельмі хацеў лячыцца: быў гатовы прымаць усе таблеткі, хадзіць на ўсе працэдуры, наведваць тэрапію. Але не ўсе былі гатовыя да гэтага. У нас былі хлопцы, якіх прывозілі на хуткай, бо ў іх была спроба суіцыду.

Некаторыя з іх лячыцца зусім не хацелі. У аддзяленні было шмат пацыентаў, якім на лячэнне было пофіг, — незалежна ад таго, як яны сюды трапілі. Па законе яны мусяць адляжаць 10 дзён — і тады іх выпускаюць.

З таблетак мне давалі анксіялітык і антыдэпрэсант. Іх нейкі час падбіралі. Памятаю, аднойчы на ноч мне далі нейкую малую круглую таблетку. Мяне з яе так «папёрла»! Нібы ЛСД-трып пачаўся. Потым я жартаваў з медсёстрамі, ці няма ў іх яшчэ такіх маленькіх кругленькіх таблетачак.

У нас на аддзяленні быў адзін чувак, які добра арыентаваўся, што з чым можна зжэрці, каб атрымаць «прыкольны эфект». І мы мяняліся з іншымі пацыентамі, якія не хацелі піць свае лекі: таблеткі на цыгарэты.

Я некалькі разоў спрабаваў такія таблеткі. Дзіўны эфект: прабівае есці салодкае, быццам цябе абняло, і ты нейкі тупы становішся. Памятаю, як адзін Саня хацеў прадаць нам «цудоўную таблетку» за два пакункі цыгарэт — маўляў, эфект супер. Пасля аказалася, што гэта быў звычайны гліцын.

Аніякім галаперыдолам мяне не заколвалі (дзеянне галаперыдолу часам апісваюць тэрмінам «хімічны шок», які выкарыстоўваецца як метафара для абазначэння яго інтэнсіўнага, амаль «ударнага» ўздзеяння, падобнага да эфектаў інсулінавай або электрашокавай тэрапіі, — Заўв).

Хаця была адна гісторыя: у назіральнай палаце ляжаў адзін чэл, які на абходзе пачаў нешта бурчаць матам на медсястру. І ўсе астатнія дні ён правёў абколаты — ляжаў, устаць не мог.

Дзве «галіны ўлады» на аддзяленні

Альберт у дзень выпіскі. Фота з асабістага архіва

Псіхіятры і псіхатэрапеўты — гэта адна галіна ўлады. А медсёстры з санітарамі — другая. І паміж імі, відаць, існуе нейкая дамоўленасць. Не ведаю якая. Але чаму загадчык аддзялення заплюшчвае вочы на тое, што ў нас душ — за цыгарэты і нейкія бандыты ўсталёўваюць свае парадкі? Не ведаю. Можа, яму проста лянота разбірацца.

У прынцыпе, у нас было лайтова. Але я магу казаць толькі за нашае аддзяленне. Што адбываецца ў «псіхатычных» — не ведаю. І тым больш — што ў жаночых.

У мяне сяброўкі ляжалі ў Навінках — расказвалі, што медсёстры на іх крычалі, даводзілі да слёз. А калі дадаць пытанне жаночай гігіены, той жа душ — рэч жыццёва неабходная. Мне падаецца, што на мужчын больш складана ціснуць. Медыцынскі персанал усё ж баіцца рамсіць з дарослымі мужыкамі.

Атрымліваецца, што, з аднаго боку, у цябе можа быць добры лекар і нармальная тэрапія, але праз стаўленне медперсаналу і ўвесь гэты побытавы трэш — чалавек можа быць у такім стрэсе, што аніякая тэрапія не дапаможа.

Калі ў мяне запытваюцца, ці класціся ў Навінкі, я кажу, што лепей шукаць прыватных лекара_к. Але праблема ў тым, што шпіталізацыя бывае патрэбная — і што рабіць у такой сітуацыі, незразумела.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(7)